«Хюґе па-беларуску». «Мы без прыроды робімся больш хворымі», — ляндшафтная дызайнэрка

«Ёсьць паняцьце „лясныя ванны“ (Forest Bathing), калі ты літаральна заглыбляесься, акунаесься ў лес. Гэта пра мяне».

Слова дацкай мовы «хюґе» (hygge) літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках. У гэтым праекце Свабода шукае, як будзе hygge па-беларуску. Беларусы, якія ўмеюць адчуваць шчасьце, дапамагаюць знайсьці адказ.
  • Герой: Яна Марчук
  • Месца: Менск
  • Адукацыя: «Садова-паркавае будаўніцтва», Тэхналягічны ўнівэрсытэт (Менск), «Рэстаўрацыя гістарычных паркаў і культурных краявідаў», Вялікая Брытанія, магістратура ўнівэрсытэту гораду Бат.
  • Дзейнасьць: ляндшафтны дызайнэр, распрацоўвае праекты прыватных надзелаў; часам робіць флярыстычныя кампазыцыі.
  • Узрост: 30 гадоў.
  • Сямейнае становішча: ня замужам.
  • Даход: «Ня буду казаць. Толькі адно: праца ляндшафтнага дызайнэра ў Беларусі моцна недаацэненая. Сярэдні рынкавы кошт мусіць быць прынамсі ў тры разы вышэйшы».

Лесапарк Шчомысьліцкая дуброва

Мы сустракаемся за МКАДам у лесапарку Шчомысьліцкая дуброва. Я́на прыехала з джэк-расэлам Бэці. Дзяўчына досыць часта выяжджае на прыроду, бывае, праводзіць на шпацырах па 4-5 гадзінаў. У школе яе называлі «батанікам». Кажа, лёгка можа згубіць адчуваньне часу, калі паглыбляецца ў асяродзьдзе. Час на прыродзе спрыяе ейнаму шчасьцю, і, як мяркуе, шчасьцю кожнага чалавека.

«Я лічу, што мы натуральным чынам настроеныя ўспрымаць прыроду. Бо гэта нашае асяродзьдзе, нашае месца жыцьця. Лекары Шатляндыі афіцыйна зь нядаўняга часу могуць прапісваць людзям быцьцё ў прыродзе».

Калі ты бываеш шчасьлівай?

«Адзін з фактараў шчасьця для мяне — адпаведнае асяродзьдзе. Мне важна быць у „сваім“ месцы, дзе магу пачувацца „як дома“. У месцы, якое натхняе, а не якое я вымушана штодня трываць. Мне важна, каб асяродзьдзе было візуальна прыемным — мела гармонію, стыль, густ».

«У прыродных мясьцінах маё вока адпачывае»

«Знаходжаньне ў прыродзе дапамагае: тут — у атачэньні гарманічных колераў і тэкстураў — маё вока адпачывае. Але адпачыць бывае складана: розум загружаны праблемамі, думаньнем пра нейкія задачы. Мне таксама патрэбныя пэўныя высілкі, каб пераключыцца з рэжыму прафэсійнага глядзеньня на прыроду на „чыстае“ сузіраньне. Бо ўжо аўтаматычна зьвяртаю ўвагу на рэчы, якія мне карысныя ў працы. Напрыклад, разглядаю, якія расьліны жывуць у якіх згуртаваньнях (біяцэнозах), імкнуся гэта запомніць. Гляджу, як расьліны разьвіваюцца на гэтым месцы, спрабую зразумець, чаму менавіта так. Думаю, як можна выкарыстаць у праектах тую ці іншую расьліну адпаведна яе памеру, форме, уражаньню, якое яна робіць. Гэта тэхнічная работа, якая, як усякая работа, стамляе».

«Сузіраньне — гэта адкрытае ўспрыняцьце колераў, тэкстураў»

«Сузіраньне — гэта іншы від працы мозгу. Ты нібыта скануеш тое, што перад табой. Гэта „маўклівае“ ўспрыняцьце, без сьвядомае аналітычнае работы. Пэўныя высілкі, вядома, патрэбныя, каб засяродзіцца на навакольлі і прыслухацца да сваіх адчуваньняў. Але гэта складана толькі першыя хвілін 40. Потым трымаць увагу становіцца ўсё лягчэй, пачуцьці абвастраюцца, і ты амаль цалкам паглыбляесься ў атачэньне».

«Ёсьць нават такі асаблівы від адпачынку — „лясныя ванны“ (Forest Bathing), калі ты мэнтальна акунаесься ў лес. У такім стане найбольш поўна аднаўляюцца сілы, адчуваеш спакой, і эстэтычнае задавальненьне можа быць досыць моцным.

Акрамя „Дубровы“, я люблю шпацыраваць па лесапарку ў Драздах, батанічным садзе, на Менскім моры. Там можна згубіцца на некалькі гадзін».

Як зьвязанае шчасьце з тваёй прафэсійнай дзейнасьцю?

«Пакуль гэтая сувязь досыць нетрывалая. Бываюць моманты, калі я адчуваю задаволенасьць сваёй работай. Цешуся, калі іншым людзям падабаецца тое, што я раблю. Але часам мне здаецца, што мая праца ня мае аніякага сэнсу».

«Шчасьце цяжка яго раскласьці на элемэнты»

Як ты разумееш, што ёсьць шчасьце?

«Думаю, гэта штосьці больш глыбокае і суцэльнае, чым задавальненьне ад зьдзяйсьненьня жаданьняў. Шчасьце ўзьнікае на больш грунтоўных асновах, чым проста сытуацыйныя станоўчыя эмоцыі. Думаю, немагчыма быць шчасьлівым без адчуваньня ўласнае вартасьці і моцы. Без разуменьня сэнсу таго, што ты робіш. А таксама — без сапраўдных блізкіх стасункаў. І вось у моманты, калі прынамсі гэтыя тры фактары сыходзяцца, і можа ўзьнікнуць шчасьце».

«Калі ёсьць блізкія, каханыя, сябры»

Як гучыць шчасьце?

«Мне лягчэй шчасьце асацыяваць з гукам. Тыя найлепшыя моманты, якія я адчуваю, гучаць як твор Баха „Паветра“ („Air“). Гэты твор мне нагадвае адчуваньне, вельмі блізкае да шчасьця».

«Найлепшыя моманты, якія я адчуваю, гучаць як твор Баха „Паветра“»

Як будзе «хюґе» па-беларуску?

«„Хюґе“ я разумею як стыль жыцьця, пабудаваны на атрыманьні задавальненьня ад простых, даступных усім рэчаў. Як у песьні Міхала Анемпадыстава: „хлеб на стале“, „полымя ў печы“, „з галавою залезьці пад коўдру“. „Хюґе“ — гэта пра простыя рэчы».

«Песьня Міхала Анэмпадыстава „Простыя рэчы“ — пра „хюґе“»


Калі вы ўмееце быць шчасьлівымі і гатовыя гэтым падзяліцца, пішыце ў акаўнт любой з сацыяльных сетак Радыё Свабода або на электронную пошту radiosvaboda@gmail.com.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Уласьнік кавярняў: «Шчасьце, вядома, мае смак кавы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пякарня Элгуджы. Як у Горадні робяць хачапуры і лавашы, што раскупляюцца без астачы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепшы, чым у Швайцарыі. Як у Лідзе вырабляюць крафтавы шакаляд сусьветнага ўзроўню
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З нас гадамі выразалі любоў да кавы». Гісторыя адзінага ў Беларусі дэгустатара кавы