Эўрапейскія краіны ў чацьвер прымаюць новыя жорсткія захады ў сувязі з пандэміяй новай каранавіруснай інфэкцыі.
У Чэхіі, дзе, паводле афіцыйных дадзеных, каля 100 інфікаваных, уведзена надзвычайнае становішча. На межах зь Нямеччынай і Аўстрыяй адноўлены кантроль. Грамадзянам 13 краінаў забаронены ўезд у краіну. Забароненыя сходы з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 30. Будуць зачыненыя ўсе забаўляльныя ўстановы і ўстановы культуры, абмежаваны час працы рэстаранаў. Раней на гэтым тыдні былі закрытыя ўсе школы.
Славаччына забараніла ўезд усім замежнікам, акрамя тых, якія маюць у краіне від на жыхарства. Будуць закрытыя школы, аэрапорты, рэстараны.
Аб закрыцьці школаў абвешчана таксама ў Ірляндыі.
Каранавірус зараз распаўсюджваецца ва ўсіх краінах Эўропы, пакуль няма пацьверджаных выпадкаў інфэкцыі толькі ў Чарнагорыі. Больш за ўсё захварэлых і памерлых у Італіі — толькі за ўчорашні дзень зафіксавана больш за 2300 новых інфікаваных. У Гішпаніі, Францыі, Нямеччыне колькасьць інфікаваных ужо ідзе на тысячы, у большасьці іншых краінаў ЭЗ на сотні.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ