ЗША радыя, што ўрад Беларусі цікавіцца імпартам амэрыканскага газу праз Клайпедзкі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, заявіў намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Рыкер.
«Мы радыя, што Беларусь бачыць, што ў яе ёсьць выбар і іншыя энэргетычныя магчымасьці. Думаю, дывэрсыфікацыя энэргіі — важны стратэгічны элемэнт», — сказаў Філіп Рыкер агенцтву BNS у Вільні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША спадзяюцца пастаўляць газ Беларусі празь Літву, — амэрыканскі пасол у ВільніПаводле яго, гэтыя магчымасьці былі падкрэсьленыя і на сустрэчы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на пачатку лютага.
«Гэта прыватныя ўгоды, энэргетычныя прадпрыемствы вельмі зацікаўленыя ў беларускім рынку — яны спадзяюцца, што гэта можа быць каштоўна. Так што гэта сапраўды магчымасьць, якую падкрэсьліў і сакратар Майк Пампэо падчас візыту ў Менск у мінулым месяцы», — сказаў ён.
Намесьнік дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі кажа, што падрабязнасьці верагодных угодаў павінен падаць Менск.
«Урад ЗША — ня той бок, які будзе займацца гэтымі рынкамі. Існуе свабодны рынак. Ёсьць вялікія магчымасьці, і я думаю, што ўрад Беларусі праявіў сваю зацікаўленасьць у гэтым», — падкрэсьліў Філіп Рыкер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хопіць у ЗША нафты для Беларусі і колькі яна каштуе