Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра яшчэ два станоўчыя тэсты на COVID-19 у беларускіх грамадзянаў — жыхароў Менску і Гомля. Такім чынам, у краіне ўжо 11 выпадкаў новага каранавірусу.
Абноўлена: яшчэ адзін выпадак выявілі ў Горадні
У Нацыянальным аэрапорце «Менск» атрымалі станоўчы тэст на COVID-19 у беларускага грамадзяніна, які вяртаўся з Партугаліі — яго шпіталізавалі ў Гомельскую абласную інфэкцыйную лякарню, праводзяць паглыблены паўторны аналіз. Ягоны стан здавальняючы. Таксама шпіталізавалі тых, хто прыбыў разам зь ім і сядзеў побач у самалёце — яны лічацца «кантактамі першага ўзроўню».
Акрамя таго, піша Мінздароўя, удакладняльная дыягностыка праводзіцца ў аднаго з пацыентаў у Менску, які «прыбыў зь Нямеччыны і ў момант праходжаньня мяжы ўтаіў факт знаходжаньня ў Паўночнай Італіі». Ці першы тэст на COVID-19 даў пазытыўны вынік, не ўдакладняецца, але колькасьць пацыентаў з новым каранавірусам у Беларусі за дзень павялічылася на два чалавекі.
Днём раней паведамлялася, што з 9 выяўленых выпадкаў COVID-19 тры пацыенты фактычна здаровыя: тэсты на новы каранавірус далі адмоўны вынік у самага першага захварэлага (студэнта БНТУ з Ірану) і двух чалавек, якія зь ім шчыльна кантактавалі. Сьцьвярджалася, што як ранейшыя, так і новыя пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча, маюць нармальную тэмпэратуру і ня скардзяцца на стан здароўя, сьцьвярджае міністэрства.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ