Алімпіяду ў Токіё могуць перанесьці на год ці два, калі ня ўдасца яе правесьці з прычыны эпідэміі каранавірусу. Пра гэта газэце The Wall Street Journal заявіў сябра выканаўчай рады аргкамітэту Гульняў Харуюкі Такахасі.
Раней магчымасьць правядзеньня летняй Алімпіяды-2020 без гледачоў абмяркоўвала Сусьветная арганізацыя здароўя. Аднак, паводле Такахасі, фінансавы ўрон ад правядзеньня спаборніцтваў без заўзятараў занадта вялікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: чэмпіянат сьвету ў хакеі могуць перанесьці ў Беларусь ці РасеюПакуль што ўлады Японіі і Міжнародны алімпійскі камітэт заяўляюць, што ня думаюць пра адмену або перанос галоўнай спартовай падзеі.
Тым ня менш Нацыянальны алімпійскі камітэт Грэцыі прыняў рашэньне правесьці цырымонію запальваньня агню летняй Алімпіяды без гледачоў. Яна пройдзе 12 сакавіка, на цырымонію не дапусьцяць нават журналістаў.
А вось Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА) заклікае ўрады забясьпечыць правядзеньне чэмпіянату Эўропы 2020 году, нягледзячы на распаўсюд каранавірусу. Першынства ўпершыню будзе праводзіцца ў 12 краінах. Турнір мусіць адкрыцца 12 чэрвеня матчам зборных Турэччыны і Італіі на Алімпійскім стадыёне ў Рыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На поўначы Італіі паніка, а ў нас футбол пры поўных трыбунах». Сяргей Алейнікаў пра каранавірус, сям’ю і радзімуПры гэтым якраз Італія — лідарка ў Эўропе ў тэмпах распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі. Тут зарэгістравана больш за 10 тысяч выпадкаў заражэньня, агульная колькасць памерлых перавысіла 600 чалавек.