Падзеньне курсу рубля — што ў цяперашняй сытуацыі лепш рабіць са сваімі грашыма? Ці надоўга гэтае падзеньне? Усясьветнае падзеньне цэнаў на нафту — для Беларусі гэта добра ці кепска? Якія наступствы для беларускай эканомікі будзе мець пандэмія ўханьскага каранавірусу?
На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае эканаміст Сяргей Чалы.
— Што вы цяпер раіце сваім сябрам? Ці калі вы аказваеце бізнэс-кансультацыі — што вы раіце сваім кліентам? Купляць замежную валюту? Калі так, то якую? У якой прапорцыі? Ці наагул пачакаць, пакуль курсы так скачуць?
— Складана даваць парады, бо незразумела — гэта панічная рэакцыя ці зьмена эканамічнага рэжыму, у тым ліку і ўва ўсясьветнай эканоміцы. Я ня веру ў вялікі далейшы рух курсу. Ужо нават тое значэньне курсу, якое мы цяпер маем, перавышае значэньне, зыходзячы зь якога быў складзены бюджэт. І ён ня надта прымальны для міністэрства фінансаў, але камфортны для Нацыянальнага банку. Для мяне важнейшым фактарам ёсьцьне падзеньне курсу расейскага рубля адносна даляра, а тое, што ў нас будзе адбывацца з валютнай выручкай. Менавіта гэта было галоўным фактарам зьмены курсу да сёньняшняга дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму рэкордна ўпаў беларускі рубель і чаго чакаць. Тлумачыць фінансавы аналітыкМы ня можам прадказаць узровень, на якім будзе дасягнутая раўнавага. Але можам назіраць за дзеяньнямі ўладаў. Сцэнар, на які разьлічвае Нацыянальны банк — адбудзецца тое ж, што адбылося ў 2016 годзе. Тады на пачатку году курс даляра вырас, але потым адбылася карэкцыя ў адваротны бок і раўнавага ўсталявалася на ніжэйшым узроўні. Яны могуць дазволіць сабе і пэўны далейшы рост курсу даляра.
На думку Нацбанку, цяпер курс пераляцеў за раўнаважнае значэньне і можна чакаць яго зьніжэньня. І вось тады можа будзе «заходзіць» у рубель.
— Сяргей, вось спытае вас сусед на лесьвічнай клетцы: «Што мне рабіць? У мяне ёсьць нейкія грошы ў беларускіх рублях». Бегчы іх мяняць? Ці пакуль ня бегчы?
— У людзей ня так і шмат свабодных грошай. Яны былі альбо на бягучых заробкавых рахунках альбо на неадклікальных дэпазытах. Апошнія чапаць зараз дакладна ня варта. Строга кажучы, зараз ужо позна нешта рабіць. Тое, што рубель будзе слабець, было зразумела некалькі месяцаў таму. І Нацбанк лічыў, што рубель пераацэнены, таму і дазволіў такія рэчы ў лютым. А тое, што адбываецца цяпер, — гэта вельмі эмацыйны рух, і мы абсалютна ня ведаем, якія будуць курсы заўтра. Ня думаю, што гэтае падзеньне будзе дастаткова доўгім і глыбокім, каб на гэтым можна было нешта зарабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не дэвальвацыя». Аналітык пракамэнтаваў рэкорднае падзеньне рубля— Вы ўжо сказалі пра нафту. Цэны на яе ўпалі, аднак ня выключана, што і яны стабілізуюцца. Але цяперашняе падзеньне цэнаў на нафту — для Беларусі ў кантэксьце яе канфлікту з Расеяй вакол нафты гэта добра ці кепска?
— Гэта кепска для нас. Бо мы зарабляем на працэсінгу. Гэта фактычна пэўны адсотак ад розьніцы паміж тым, што мы экспартуем, і тым, што імпартуем. Для нас важнейшая не цана сырой нафты, а замежнагандлёвае сальда ў катэгорыі энэргетычных тавараў, розьніца паміж цаною нафтапрадуктаў, якія экспартуем, і цаною сырой нафты, якую імпартуем.
Істотнае зьніжэньне ўсясьветных цэнаў на нафту суправаджаецца запаволеньнем росту ўсясьветнай эканомікі. А гэта азначае зьмяншэньне попыту на наш экспарт. Пры невялікім падзеньні цэнаў на нафту прайграюць краіны — экспартэры нафты. Але пры вялікім зьніжэньні гэтых цэнаў праз мэханізм зьніжэньня ўсясьветнага попыту цярпяць усе.
— Вы сказалі пра беларускі экспарт нафтапрадуктаў. На сайце Белстату пакуль вісяць толькі зьвесткі за леташні год. А што адбылося з гэтым экспартам сёлета, у студзені-лютым?
— Падлічыць складана. Можна ацаніць скарачэньне экспарту ў цэлым ускосна. Істотна скараціліся валютныя рэзэрвы. Гэта не тлумачыцца выплатамі па замежным доўгу. Можна параўнаць першыя два месяцы 2019 і 2020 гадоў. Тады выплаты па замежным доўгу былі нават большымі, чым сёлета, а рэзэрвы практычна не зьмяніліся. А сёлета была страта рэзэрваў на 400 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты бачыў, колькі эўра каштуе?!» Што робіцца ля абменьнікаў пасьля падвышэньня курсаў— Параўнайма лічбы. Летась Беларусь купіла 18 мільёнаў тонаў нафты. Вядома, што ўласныя патрэбы краіны складаюць прыкладна 6 мільёнаў тонаў. У месяц гэта купля 1,5 мільёна тонаў і паўмільёна — на ўласныя патрэбы. Вынікае, што прыкладна мільён тонаў у месяц летась ішоў на перапрацоўку з наступным экспартам нафтапрадуктаў.
Паведамляецца, што сёлета купілі прыкладна па мільёне тонаў у студзені і лютым. Паўмільёна на ўнутраныя патрэбы, на перапрацоўку для наступнага экспарту заставалася недзе каля паўмільёна. А летась — па мільёне. Ці азначае гэта, што экспарт нафтапрадуктаў на пачатку году ў параўнаньні зь мінулым упаў недзе ўдвая?
— Напэўна, так і ёсьць. Можа крыху менш, але мяркую, што падзеньне экспарту нафтапрадуктаў сёлета склала прыкладна 40%.
— Як на беларускую эканоміку можа паўплываць каранавірус? Ня ўскосна, праз падзеньне попыту на імпарт у Кітаі, а наўпрост. Грэчку купляць?
— Усё будзе залежаць ад таго, як пойдзе гэтая эпідэмія ў нас. Асноўная рызыка пандэміі, якая цяпер адбываецца, — у нагрузцы на нацыянальныя сыстэмы аховы здароўя. Калі гэта будзе некантралявана, то будзе велізарная колькасьць пацыентаў зь цяжкімі дыягназамі. Ім трэба будзе дарагое лячэньне з вэнтыляцыяй лёгкіх.
Зразумела, што давядзецца абмяжоўваць правядзеньне масавых мерапрыемстваў, што будзе перавод на дыстанцыйную працу (дзе магчыма). Зразумела, што пацерпіць найперш турызм. Магчыма, вырастуць даходы бізнэсу дастаўкі прадуктаў.
Ну і калі пандэмія распаўсюдзіцца і на нас, то сярод наступстваў будуць доўгія карантыны, адсутнасьць людзей на працы, аплата гэтай вымушанай адсутнасьці на працы і выдаткі на мэдычнае забесьпячэньне. Пакуль не выглядае, што ў нас гэтая рызыка высокая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкорднае падзеньне беларускага рубля: 2,35 за даляр, 2,67 за эўра