Паводле рэйтынгу, які вызначае ўзровень бясьпекі ў галіне аховы здароўя — Global Health Secirity Index, ніводную краіну сьвету нельга лічыць цалкам гатовай да эпідэміі або пандэміі.
Рэйтынг складаюць незалежная непрыбытковая арганізацыя Ініцыятыва ядзернай пагрозы (Nuclear Threat Initiative) і Цэнтар бясьпекі здароўя імя Джонса Гопкінса (Johns Hopkins Center for Health Security) з удзелам Economist Intelligence Unit.
Сытуацыя ў паасобных краінах ацэньваецца паводле наступных катэгорыяў:
- папярэджаньне
- выяўленьне
- рэакцыя
- стан здароўя
- санітарныя нормы
- рызыкі
Максымальная колькасьць балаў — 100. Найлепшы паказьнік — у ЗША: 83,5. Сярэдні паказьнік па сьвеце — 40,2.
Беларусь з 35,3 баламі не дацягвае да сярэдняга паказьніка і займае ў рэйтынгу 108-е месца з 195 краінаў. Найгорш у Беларусі справы выглядаюць ў галіне папярэджаньня захворваньняў (19,4), нормаў (25,8) і выяўленьня выпадкаў захворваньня (28,9).