«Я лепей цябе забʼю, адсяджу і выйду». Сьведка расказала, як ейны сужыцель забіваў дачку

Падсудны Кірыл Бандалетаў

Суд дапытаў законных прадстаўнікоў пацярпелых і сьведак у справе забойства 4-гадовай дзяўчынкі ў Зэльвенскім раёне 9 сакавіка. Абвінавачаны ў справе 25-гадовы жыхар Зэльвенскага раёну Кірыл Бандалетаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біў венікам, мухабойкай, папругай. У Зэльве пачаўся суд над бацькам за забойства дачкі

«Яго ўсё прыводзіла ў шал»

Былая сужыцелька Бандалетава Вераніка Падзялінская дала паказаньні ў судзе ў якасьці сьведкі. Ёй 22 гады, жыве ў вёсцы Зэльвенскага раёну, працуе прыбіральніцай.

Вераніка Падзялінская

Пазнаёміліся летась у сакавіку ў сацыяльных сетках, перапісваліся. Прыяжджалі адно да аднаго ў госьці прыкладна раз на месяц. Кірыл дапамагаў ёй у гаспадарцы. Дзяўчына трымала сьвіней, курэй.

«Спачатку ён да дзяцей ставіўся добра. Мог дзіця ў кут паставіць. Такога, каб біў, не было. Калі скончыліся дэкрэтныя грошы, тады стаў больш абурацца, бо разумеў, што мне адной цяжка зарабляць», — кажа Вераніка.

Бандалетаў пераехаў да Падзялінскай у сярэдзіне лета.

З словаў Веранікі, ён заўсёды абураўся, калі дзеці падыходзілі да лядоўні, бо скончыліся грошы. Прадукты Вераніка і Кірыл куплялі па чарзе залежна ад таго, у каго былі грошы. Адзеньне Кірыл толькі аднойчы набыў старэйшай дачцэ: куртку, сукенку і швэдрык.

Як расказала сужыцелька Бандалетава, у верасьні Кірыл пачаў зьмяняцца ў іншы бок. Ён атрымаў дом ад калгасу. Яны разам езьдзілі туды рабіць рамонт. Калі Бандалетаву прапаноўвалі працу, ён адмаўляўся. Жылі на заробак Веранікі каля 150–200 рублёў, дапамагалі бацькі.

«Ён пачынаў зьмяняцца ў іншы бок. Яго ўсё прыводзіла ў шал. Старэйшая дачка нагадвала яму ейную маму (ягоную былую жонку). Ён казаў: „Не ідзі сьлядамі сваёй мамы“», — апавядае жанчына.

Яна бачыла, як Бандалетаў біў дзяцей мяцёлкай, тапкам, рукой.

Яна бачыла двойчы, як Кірыл клаў старэйшую дачку на падлогу, браў за руку і наступаў нагой у шлёпку на галаву. Так ён спрабаваў яе супакоіць, казала Вераніка. Дзяўчынка ніколі не супраціўлялася. Адно што прасілася да мамы.

Жанчына кажа, што не шкадавала ежы дзецям.

«Я заўсёды яму казала: накладзі лішнюю талерку, няхай дачка яшчэ паесьць. Ён не пагаджаўся, бо трэба было на ўсіх дзяліць. Калі я купляла дзецям салодкае, то ён адбіраў. Маю дачку любіў больш, чым сваіх уласных дзяцей», — распавяла Вераніка.

Алькаголь, з словаў дзяўчыны, Кірыл ужываў рэдка. За апошні тыдзень піў толькі раз, у дзень, калі здарылася трагедыя.

Суд у Зэльве

Былая жонка Бандалетава не кантактавала зь дзяўчаткамі, калі Вераніка была ў адносінах з Бандалетавым. Калі Кірыл даслаў ёй здымак з дачкой Веранікі, яна падумала, што гэта яе ўласная дачка.

Падзялінская раней заўважала сінякі на скуры дзяўчатак. Кажа, што размаўляла з Кірылам пра гэта. Ён адказваў, што дзеці падалі і ўдараліся. Старэйшая дачка нічога не адказвала на пытаньне, адкуль сінякі, малодшая казала, што тата крычаў на ейную сястру. Вераніка мыла і сваю дачку, і Кірылавых дачок раз на тыдзень. Кірыл бачыў, як яна іх мые.

«Мне яе дагэтуль шкада»

Вераніка расказала, што Кірыл хацеў аддаць старэйшую дачку ў спэцшколу, бо яна яго ня слухалася.

Ён казаў: «Я лепей цябе забʼю, адсяджу і выйду». Яго найбольш раздражняла, калі старэйшая дачка прасілася да сваёй маці.

«Да старэйшай дачкі ў яго пастаянна нейкая нянавісьць была», — мяркуе Вераніка.

Саму Вераніку і ейную дачку Кірыл ніколі не чапаў.

Старэйшая дачка, па апісаньнях Веранікі, была цярплівай дзяўчынкай, рэдка плакала. Апошнім часам стала закрывацца, зь ёй было цяжка знайсьці кантакт.

«Вам было яе шкада?», — запытаўся пракурор.

«Мне яе дагэтуль шкада», — адказала Падзялінская.

Дзяўчына патлумачыла, што зарадку дзеці Кірыла часта рабілі разам зь ейнай уласнай дачкой з сваёй ахвоты. Ейная дачка вяла зарадку, бо навучылася рабіць практыкаваньні ў садку.

«Ён узяў яе за „шкірку“ і падняў»

Як расказала Падзялінская, у той дзень, калі здарылася трагедыя, Бандалетаў выпіў у маці Веранікі два літры піва, ейная маці не піла. Гэта была падзяка за працу ў хаце. З словаў Веранікі, Бандалетаў не выглядаў моцна пʼяным.

Увечары Вераніка і Кірыл выйшлі ненадоўга ў справах да Веранічыных сваякоў. Калі вярталіся, яму не спадабалася, што дзеці пабеглі да стала, бралі са стала есьці і сыходзілі ў пакой, хоць перад гэтым яны ўжо паелі.

Кірыл пайшоў да дачкі гаварыць.

«Я думала, што ён проста размаўляе, бо не было ні сьлёз, нічога. Ён вучыў яе бегаць. Яна падала. Ён узяў яе за „шкірку“ і падняў. Я ўбачыла, схапіла яе, села, трымала рукамі і нагамі і сьціснула так моцна, як толькі магла. Ён падыйшоў і вырваў яе ў мяне з рук. Я ўбачыла ў яе на шыі пачырваненьне як ад удушша. Тады я зьняла зь яе гольф. Ён узяў і кінуў яе аб тахту, браў за руку і нагу і кідаў. Таксама яшчэ паклаў на жывоцік і біў яе па ягадзіцах», — успомніла Вераніка.

Сьведка расказала, што дзіця не супраціўлялася.

«Яна ня плакала, не было ні сьлязінкі. Яна маўчала, нібы згубіла дар мовы. Калі кідаў яе другі раз, яна ўдарылася аб борцік тахты. Я яго спрабавала спыніць. Ён ніяк не хацеў мяне слухаць», — казала Вераніка.

Затым, паводле сьведкі, Кірыл выйшаў з пакою. У гэты час Вераніка пачула хрып дзяўчынкі. Дзіця ляжала нерухома. Вераніка ўзяла яе на рукі, дзяўчынка была ў непрытомнасці. Жанчына вынесла дзіця да Кірыла, ён выхапіў дзіця, стаў пырскаць вадой, рабіць штучнае дыханьне, выносіў на вуліцу, гучна клікаў дзяўчынку.

Калі выклікалі «хуткую», Кірыл папрасіў Вераніку сказаць, што дзяўчынка проста ўпала і страціла прытомнасьць. Яна так і зрабіла. Мэдыкі не распытвалі, ад чаго пашкоджаньні.

«Як увогуле гэта можна прыдумаць, ня тое каб зрабіць?», — адказаў Бандалетаў на аповед Падзялінскай.

Дом, дзе бацька зьбіў да сьмерці малую дачку

«Чаму вы не зьвярнуліся ў органы апекі, у міліцыю?», — запыталася адвакатка Ірына Коваль у Падзялінскай.

«Я яго ніколі раней ня бачыла такім агрэсіўным», — адказала Падзялінская.

Яна расказала, што аднойчы таксама ўдарыла старэйшую дачку Кірыла, калі тая моцна пхнула ейную дачку аб дзьвярны вушак.

Адвакатка абвінавачанага Коваль расказала ў судзе, што дзяўчынка памерла менавіта ад чэрапна-мазгавой траўмы.

Вераніка Падзялінская сказала, што ня бачыла, каб Бандалетаў біў дзяўчынку па галаве. Яна не апавядала адразу, як усё адбывалася, нават сваёй маці, «каб яе не расстройваць». Паводле матэрыялаў справы, Вераніка раней казала, што ў сьмерці дзяўчынкі ёсьць і ейная віна, бо яна «не зьберагла дзіця».

Калі судзьдзя зьвярнуў ейную ўвагу на тое, што яна ў судзе апавяла ня ўсё, што казала сьледчым, Вераніка адказала, што разгубілася, бо першы раз у судзе і наагул ня ведае, што варта апавядаць.

На думку ж падсуднага Бандалетава, траўмы дзяўчынцы магла нанесьці толькі яго сужыцелька Падзялінская, бо ён сам больш займаўся гаспадаркай. Тое, што раней біў дачку, прызнаў, але «тое было паўтара месяца таму». Ён расказаў, што сужыцелька аднойчы біла тапкам ягоную старэйшую дачку паміж ножак, калі тая абсікалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бывае, накрычыць або шлёпне». Што вядома пра бацьку, які да сьмерці зьбіў сваю малую дачку. ФОТА

«Тата біў старэйшую дачку, бо яна не рабіла зарадку»

Дырэктарка дзіцячага прытулку ў Зэльве Вольга Дзьмітрыева рассказала, што малодшая дачка абвінавачанага трапіла да іх на наступны дзень пасьля таго, як адбыўся гвалт над старэйшай. Малодшай тры гады.

«На твары былі бачныя пашкоджаньні... Яна тлумачыла, што тата біў старэйшую дачку, бо яна не рабіла зарадку», — расказала Вольга Дзьмітрыева.

Зь ейных словаў, дзяўчынка вельмі разьвітая для свайго ўзросту, у яе добрае маўленьне, разважала, як дарослая. Ці біў яе бацька, дырэктарка прытулку ня чула.

«Яна не прасілася дадому?» — запыталася пракурор.

«Не. Яна казала, што ў яе ёсьць тата, у яе ёсьць сястра Вераніка. Ела добра, гледзячы на тое, як яна паправілася. Больш за ўсё ўзгадвала старэйшую сястрычку», — патлумачыла Дзьмітрыева.

«Калі б вы ведалі, што такая сямʼя жыве ў вашым раёне, то вы б арганізавалі назіраньне за імі?» — пытаецца пракурор.

«Калі гэта відаць на твары, вядома, мы б адрэагавалі», — адказала дырэктарка прытулку.

Аднак у супрацоўнікаў прытулку не было інфармацыі, што Бандалетаў пераехаў у Зэльвенскі раён.

На першай лаве зьлева направа прыёмная маці Ірына Варган і дырэктарка прытулку Вольга Дзмітрыева, у другім шэрагу зьлева прадстаўніца ўпраўленьня адукацыі райвыканкама Ядзьвіга Бута

Паводле дырэктаркі, дзяўчынцы ўдзялілі больш увагі, улічваючы сытуацыю, у якую тая трапіла. Урэшце яна «адагрэлася».

Прыёмная маці малодшай дачкі Ірына Варган расказала, што ў іхнай сямʼі цяпер двое дзяцей. Зэльвенскі райвыканкам вырашыў перадаць дзіця ў сямʼю ў канцы лютага.

«Мы стараемся не кранаць гэтага пытаньня. Тату яна ўзгадвае. Кажа: „Тата мой захварэў, ён у шпіталі, ёсьць сястрычка, яна таксама ў шпіталі“», — апавядае прыёмная маці.

Жанчына кажа, што дзяўчынка вельмі прывязалася да новага таты. Удачароная дзяўчынка распавядае, што тата біў старэйшую дачку. Як менавіта, яе не распытваюць, каб не трывожыць лішні раз. Патлумачыла, што дзіця мае добры апэтыт, добра есьць.

Намесьніца начальніка ўпраўленьня адукацыі Слонімскага райвыканкаму Ядвіга Бута патлумачыла, што за сямʼёй не сачылі, бо сямʼя пераехала, а зь дзіцячага садка, куды пачалі хадзіць дзеці, ім інфармацыю не перадалі. Загадчыца дзіцячага садка таксама не паведамляла, што ў дзяцей бачылі пашкоджаньні на целе.

Былая выканаўца абавязкаў загадчыцы дзіцячага садка, куды хадзілі дзеці абвінавачанага, цяпер працуе там выхавальніцай. Як патлумачыла Бута, умовы жыцьця дзяцей мусілі б правяраць штотыдзень розныя службы, бо дзяцей менш за год таму вярнулі бацьку. Калі ў дзіцяці ёсьць цялеснае пашкоджаньне, праверачная камісія мусіць адразу пра гэта паведаміць у міліцыю і мэдычным работнікам.

«Калі б бацькі ведалі, што ўведзены патаемны кантроль, то, хутчэй за ўсё, удалося б пазьбегнуць трагедыі».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацьку, які вывез малога сына ў Расею таемна ад маці, вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці за гвалт над жонкай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заразіць яе маглі толькі ў шпіталі ў Пінску», — маці 11-месячнай дзяўчынкі, у якой знайшлі ВІЧ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аднаго расстраляюць — знойдуцца іншыя». Рэпартаж зь вёсак, дзе жорстка забілі старых