На абцасах у пекла

Цяжка прыдумаць нешта больш абсурднае за забег на абцасах восьмага сакавіка. Недарэчнасьцяў, зьвязаных з гэтай датай, хапае штогод, але забегі на абцасах займаюць асаблівае месца ў сьпісе. Параўнацца з імі могуць хіба што конкурсы прыгажосьці і кулінарныя спаборніцтвы.

Сёлета ў Беларусі восьмага сакавіка пройдуць прынамсі два забегі на абцасах: у Ашмянах і Берасьці. У Менску пабягуць у адэкватным для гэтага абутку, але гэта будзе «самы прыгожы і жаноцкі забег». Міжнародны дзень салідарнасьці жанчын у барацьбе за роўныя правы і эмансыпацыю — гэта ж ідэальная нагода чарговы раз назваць жанчын прыгажунямі і паставіць іх (нас) на абцасы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкі і маршы: міжнародны жаночы дзень у розных краінах

Калі і прыдумляць дарэчную для восьмага сакавіка акцыю, зьвязаную з абцасамі, дык гэта быў бы флэшмоб #вольныяногі, у якім жанчыны выкладвалі б у сацсеткі фота і відэа таго, як пазбаўляюцца абутку на высокіх абцасах.

У такога кшталту абутку ёсьць роўна дзьве функцыі — зрабіць жаночы сілуэт «больш сэксуальным», а саму жанчыну — слабейшай і больш залежнай ад навакольных. Абцасы ствараюць сусьвет, у якім можа існаваць галянтнасьць — жанчыны могуць шчыра радавацца пададзенай руцэ, калі выходзяць з транспарту (бо ім і праўда трэба дапамога), а ў мужчын ёсьць рэгулярная нагода адчуваць сябе сучаснымі рыцарамі.

І вось абцасы — гэты інструмэнт д’ябла — становяцца ключавым атрыбутам забегу на восьмага сакавіка! Я так і ўяўляю, як у Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства будзе забег у кайданах. Гэта ж так арыгінальна! І ўвогуле, кайданы могуць быць цалкам нават зручныя, а калі вы кажаце, што вам яны не падабаюцца, дык ня варта навязваць сваё меркаваньне ўсім навокал!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Правы, а не мімозы». Што ня трэба рабіць 8 сакавіка

Вядома ж, можна казаць, што забег на абцасах — гэта проста такая жартоўная забаўка, і што жанчын ніхто туды не заганяе сілай. Але ёсьць пэўныя рэчы, якія і ў якасьці жарту рабіць ня варта. Тым больш, калі ўлічваць той факт, што ў шмат якіх краінах цяпер адбываецца сур’ёзны заканадаўчы адкат у тэме жаночых правоў. Заканадаўцы рознымі спосабамі абмяжоўваюць нас у праве распараджацца сваім целам, і на фоне гэтага забег на абцасах восьмага сакавіка выглядае не як жарт, а як самы сапраўдны зьдзек.

І заадно як трапная ілюстрацыя показкі пра павешанага беларуса, якому спачатку нешта муляла на шыі, а потым ён неяк прызвычаіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 сакавіка: жорсткая дэпіляцыя бэнзапілой

Мы і праўда да ўсяго прызвычайваемся: знаходзім спосабы зьмірыцца і нават радавацца абцасам, нябачнай хатняй працы, дадатковым выдаткам на касмэтыку пры ніжэйшых заробках, болю пры дэпіляцыі і іншым нібыта неабходным атрыбутам жаночага жыцьця. І таму, калі на восьмага сакавіка нам жадаюць «заставацца такімі ж мілымі» і прапануюць пабегаць на абцасах, мы можам нават не адразу зразумець, што з гэтым нешта не так.

А калі абурымся ўслых, рызыкуем праслухаць маналёг аб тым, што мы несапраўдныя жанчыны, бо сапраўдныя — радыя любой увазе і ведаюць, што прыгажосьць патрабуе ахвяр. На жаль, часам ахвярай становіцца здаровы сэнс. І чалавечая годнасьць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.