З 1 студзеня 2020 году ў Беларусі дзейнічае новы парадак аплаты працы работнікаў бюджэтнай сфэры. У студзені шырокую агалоску атрымалі выпадкі зьніжэньня заробкаў у некаторых бюджэтнікаў. Чаму так здарылася, распавяла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч ў інтэрвію тэлеканалу АНТ.
Паводле Ірыны Касьцевіч, новая сыстэма аплаты працы «не была нацэленая на павышэньне заработнай платы», галоўнай мэтай было — удасканаліць саму сыстэму налічэньня заробкаў, зрабіць яе больш празрыстай.
«Галоўнае — не дапусьціць зьніжэньня заработнай платы ў роўных умовах, а менавіта пры аднолькавай колькасьці дзён, пры аднолькавай нагрузцы, — падкрэсьліла Касьцевіч. — Якія пытаньні вырашыла гэтая новая сыстэма? Тарыфная стаўка — 41 рубель. Калі паглядзець да мінімальнага заробку, то ўсяго крыху больш за 12% удзельная вага тарыфнай часткі. З 1 студзеня мы перайшлі на базавую стаўку — і гэта 185 рублёў. Мы ўзмацнілі ўдзельную вагу пастаяннай тарыфнай гарантаванай часткі ў заработнай плаце», — патлумачыла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адміністрацыі прэзыдэнта назвалі ўкідам інфармацыю пра зьніжэньне заробкаў бюджэтнікаўЯк распавяла Касьцевіч, на практыцы сапраўды былі зафіксаваныя выпадкі памылак пры разьліку заробкаў, прычынай нярэдка станавіўся так званы «чалавечы фактар». Для праверкі, паводле міністаркі, у Мінпрацы дастаткова паведаміць назву арганізацыі.
Паводле Касьцевіч, работнікі ў першую чаргу зьвярталі ўвагу на выніковую лічбу, а не на яе складнікі. Напрыклад, «у адукацыі да элемэнту заработнай платы адносілі матэрыяльную дапамогу, але гэта не элемэнт зарплаты. Прэмія, якую давалі за кошт эканоміі. Не можа быць эканоміі ў студзені, так як гэта пачатак года», — патлумачыла міністарка.
Яна таксама паведаміла, што Мінпрацы раней арганізавала прамую тэлефонную лінія па пытаньнях налічэньня зарплаты, якая будзе працаваць і ў сакавіку.