Мільярдэр Блумбэрг сыходзіць з выбарчай гонкі ў ЗША

Былы мэр Нью-Ёрку Майк Блумбэрг

Мільярдэр, былы мэр Нью-Ёрку Майк Блумбэрг абвясьціў, што завяршае ўдзел у барацьбе за намінацыю кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі. Па словах Блумбэрга, у далейшым ён будзе падтрымліваць у перадвыбарнай гонцы былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна.

Пра рашэньне абвешчана пасьля падліку вынікаў так званага «супэраўторка». 3-га сакавіка ў Злучаных Штатах праходзілі першасныя галасаваньні ў 14 штатах і адной тэрыторыі — Амерыканскім Самоа. Майк Блумбэрг атрымаў перамогу толькі ў гэтай тэрыторыі і атрымаў у шэрагу штатаў некалькі дзясяткаў галасоў дэлегатаў вырашальнага партыйнага зьезду, які летам вызначыць суперніка Дональда Трампа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супэраўторак»: Байдэн перамог у дзевяці штатах, аднак Сандэрс ненашмат адстае

Як адзначае агенцтва Assotiated Press, 78-гадовы Блумбэрг выдаткаваў на выбарчую кампанію каля 500 мільёнаў даляраў уласных грошай. Пры гэтым мільярдэр ўступіў у гонку пазьней за іншых яе ўдзельнікаў. Ён прапусьціў кокусы і праймэрыз у чатырох штатах — Аёве, Нью-Гэмпшыры, Нэвадзе і Паўднёвай Караліне.

Два іншых прэтэндэнты на намінацыю — Эмі Клобушар і Піт Бутыджэдж — абвясьцілі пра выхад з гонкі і пра падтрымку Байдэна напярэдадні «супэраўторка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заклікаў амэрыканцаў не панікаваць пасьля першай сьмерці ад каранавірусу ў ЗША