Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб акцызах на аўтамабільнае паліва».
Згодна з указам, ад 1 сакавіка ў чатыры разы павялічыліся стаўкі акцызаў на аўтамабільныя бэнзіны і дызэльнае паліва. Але зроблена выключэньне для беларускіх НПЗ. Ва ўказе адзначаецца, што дзеля недапушчэньня росту раздробных цэнаў для беларускіх нафтаперапрацоўчых кампаній да новых ставак акцызаў ужываецца каэфіцыент 0,25. Фактычна для беларускіх НАПЗ ніякага росту акцызаў ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: расейскія нафтавыя кампаніі ў Беларусі праяўляюць нэрвознасьцьВа ўказе напісана, што дакумэнт накіраваны на выключэньне неабгрунтаванага імпарту аўтамабільнага паліва і павышэньне прывабнасьці перапрацоўкі нафты на беларускіх прадпрыемствах паводле давальніцкай схемы.
Фактычна імпартнае аўтамабільнае паліва зьбіраліся пастаўляць расейскія кампаніі, якія маюць тут свае сеткі АЗС. Указ абмяжоўвае такую магчымасьць і падштурхоўвае замежныя кампаніі да перапрацоўкі нафты ў Беларусі паводле так званай давальніцкай схемы.
Магчымасьць перапрацоўкі нафты на падобных умовах для расейскіх кампаній прапаноўвалася ў пачатку лютага, калі АЗС сеткі «Лукойл» увялі абмежаваньні на продаж паліва. Канцэрн «Белнафтахім» агучыў умовы давальніцкай схемы паставак нафты па формуле 20 на 80, пры якіх яны маглі б пастаўляць нафту без прэміі, забіраючы пятую частку аб’ёму пастаўкі на давальніцкую перапрацоўку і загрузку сваіх АЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі «Белнафтахіму» «Лукойл» зьняў абмежаваньні на продаж паліва на запраўкахТады расейскія кампаніі такой прапановай не зацікавіліся. Урад Беларусі па-ранейшаму лічыць немэтазгодным плаціць прэмію пастаўшчыкам ва ўмовах падаражэньня расейскай нафты пасьля падатковага манэўру.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі