Рэкорд цеплыні 3 сакавіка ў Беларусі пабіты амаль на чатыры градусы, піша БелаПАН. Агулам па краіне зафіксавалі 34 мясцовыя рэкорды.
Да таго найвышэйшую тэмпэратуру ў гэты дзень фіксавалі ў 1995 годзе ў Васілевічах Гомельскай вобласьці — было +12,8°С. Але ў 2020 годзе 3 сакавіка ў Берасьці зафіксавалі +16,6°С.
Цяплей за ранейшы абсалютны рэкорд было на ўсіх дзевяці мэтэастанцыях Берасьцейскай, пяці зь сямі Гомельскай і адной станцыі Горадзенскай вобласьці.
У Віцебскай вобласьці не зафіксавалі рэкордаў: найцяплей было ў Бярэзінскім запаведніку — +6,7°С, а найхаладней у Езярышчы — +3,5°С.
У сталіцы і іншых абласных цэнтрах не былі пабітыя рэкорды за ўвесь час, але ўсё адно было надзвычай цёпла:
- Менск — +9,8°С, пабіты рэкорд 25-гадовай даўнасьці;
- Гомель — +12,3°С, пабіты рэкорд 23-гадовай даўнасьці;
- Горадня — +10,3°С, пабіты рэкорд 23-гадовай даўнасьці;
- Магілёў — +8,6°С, пабіты рэкорд 23-гадовай даўнасьці.
У Берасьці ж, дзе зафіксавалі рэкорд усёй краіны, папярэдні мясцовы рэкорд рэгістраваўся 45 гадоў таму, і быў ён на 6,7 градуса ніжэйшы за назіраньне 3 сакавіка 2020 году. Рэкорд за 117 гадоў назіраньняў пабіты ў Мар’інай Горцы — там было +11,6°С, на 3,1° вышэй за рэкорд 1903 году.
За дзень да таго ў Беларусі зафіксавалі чатыры тэмпэратурныя рэкорды, у першы дзень вясны — толькі адзін рэкорд у Мсьціславе.
Да канца тыдня па ўсёй Беларусі прагназуюць, што тэмпэратура ня будзе апускацца ніжэй за нуль нават уначы. Шмат дзе ад серады ці чацьвярга абяцаюць невялікія дажджы (месцамі — мокры сьнег). У чацьвер і суботу ўдзень шмат дзе тэмпэратура, як прагназуюць, перавысіць +10°С.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горача! Як зьмена клімату ўплывае на Беларусь. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі не было зімы. Тлумачэньне навукоўцаўЦягам мінулай зімы ў Беларусі 29 дзён з 91 фіксавалі рэкорды мэтэаназіраньняў за ўвесь час. Студзень стаў найцяплейшым за ўвесь час назіраньняў.
Упершыню за гісторыю назіраньняў у Беларусі ў каляндарную зіму не было зімы кліматычнай, калі сярэдняя тэмпэратура працяглы час была б ніжэйшай за 0°С.