Кіраўнік МЗС Вугоршчыны: Няправільна, што беларусы плацяць больш за шэнгенскія візы

Петэр Сіярта падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску

Вугоршчына лічыць няправільным тое, што грамадзяне Беларусі павінны плаціць большы візавы збор у пэрыяд да ўваходжаньня ў сілу пагадненьня аб палягчэньні візавага рэжыму.

Пра гэта заявіў міністар замежных справаў і замежнаэканамічных сувязяў Вугоршчыны Петэр Сіярта 3 сакавіка ў Менску на сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем, піша БелаПАН.

«Мы лічым няправільным, што ў гэты пераходны пэрыяд грамадзяне Беларусі павінны плаціць больш за візы ў Эўрасаюз. Таму выдача шэнгенскіх віз у вугорскім пасольстве будзе ўлічваць гэтае пытаньне», — сказаў кіраўнік МЗС Вугоршчыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А што рабіць?» Што кажуць беларусы ў чарзе па шэнгенскія візы за 80 эўра

Што адбываецца з цэнамі на шэнген?

З 2 лютага ў Эўразьвязе пачаў дзейнічаць новы візавы кодэкс, які прадугледжвае падвышэньне кошту шэнгенскіх візаў да 80 эўра для шэрагу краін. Сярод іх таксама апынулася Беларусь (грамадзяне Расеі, нагадаем, плацяць за шэнгенскую візу 35 эўра, для украінцаў візы не патрэбныя).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз адмовіўся замарожваць для Беларусі кошт «шэнгену»

Аднак падаражаньне можа быць непрацяглым. Ужо летам кошт шэнгенскіх візаў для грамадзян Беларусі можа зьнізіцца да 35 эўра. Для гэтага беларуская Плата прадстаўнікоў павінна ратыфікаваць адпаведнае пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, якое было падпісанае 8 студзеня. Бліжэйшая сэсія Палаты прадстаўнікоў пачнецца ў красавіку. Такім чынам калі дэпутаты прагаласуюць за зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў на пачатку сэсіі, то ўжо з чэрвеня іх кошт можа зьнізіцца з 80 да 35 эўра.