Вучняў чатырох клясаў трох навучальных установаў Віцебску перавялі на хатняе навучаньне. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Дзьмітрыя Хому.
Пра тое, што ў жыхаркі Віцебска пацьвердзіўся выпадак захворваньня каранавірусам, у панядзелак 2 сакавіка афіцыйна паведамілі на прэс-канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя. Паводле інфармацыі Свабоды, ў гэты ж дзень у абласным цэнтры былі ўведзеныя дадатковыя захады бясьпекі. У прыватнасьці, вучні некалькіх клясаў віцебскіх школаў былі пераведзеныя на хатняе навучаньне. Гэта пацьвердзіў дырэктар адной з навучальных установаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам. 271 чалавек на карантыне«Адна кляса так, займаецца дома, — сказаў у размове са Свабодай дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка. — З учорашняга дня. Дзеці вучацца праз інтэрнэт, праз вайбэр. У залежнасьці ад таго, якія сродкі даступныя вучням. Настаўнікі дасылаюць ім неабходную інфармацыю. Карантын датычыць адной з восьмых клясаў, 22 чалавекі там вучацца. Прычыны назваць вам не магу. Скажу толькі, што гэта не мая прыдумка, не кіраўніцтва школы гэтае рашэньне прымала».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве здароўя расказалі, што з хворымі на каранавірус у Беларусі. ВІДЭАПа словах дырэктара, панікі ў школе № 44 няма, сёньня ўсе вучні іншых клясаў прысутнічаюць на занятках.
«У нас сытуацыя цяпер не адрозьніваецца ад той, якая ўзьнікае падчас іншых хваробаў у вучняў, — запэўніў дырэктар. — Настаўнікі таксама ўсе працуюць. Пакуль мы не прымалі дадатковых захадаў бясьпекі. У нас ёсьць у дастатковай колькасьці сродкі дэзынфэкцыі. Дадатковых рэкамэндацый пакуль няма».
У віцебскай гімназіі № 1, дзе, паводле інфармацыі Свабоды, у адной з клясаў таксама можа быць уведзены карантын у сувязі з падазрэньнем на каранавірус, сытуацыю камэнтаваць адмовіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ