«З варагаў у грэкі». Чаму эколягі і жыхары самага паўднёвага пункту Беларусі супраць пабудовы там рачнога порту

Дняпро ў Ніжніх Жарах

Апошнія два гады беларускія ўлады дэманструюць амбіцыю стаць марской дзяржавай. Паспрыяць гэтаму мае рачны порт, які плянуюць пабудаваць у самым паўднёвым пункце Беларусі — вёсцы Ніжнія Жары (Брагінскі раён Гомельскай вобласьці). Аднак і многія жыхары, і эколягі выказваюцца супраць будаўнічых плянаў. Свабода даведалася, чаму.

У вёсцы на зіму засталіся 26 тутэйшых. Бераг Дняпра штодня кішыць рыбакамі. Сюды едуць з усёй Беларусі — па судака, сома і шчупака. І тутэйшыя, і рыбакі супраць будаўніцтва порту. Да лягеру тых, хто не падтрымлівае амбіцыяў улады, далучыліся экалягічныя арганізацыі.

Для чаго ў вёсцы рачны порт?

Гіпатэтычны порт у Ніжніх Жарах — частка амбітнага праекту «з варагаў у грэкі», воднага шляху Е40. Ён мусіць зьвязаць польскія (Балтыйскае мора) і ўкраінскія (Чорнае мора) парты — празь Беларусь. Пры ўмове, што будзе фінансаваньне і ўлады трох дзяржаваў дамовяцца.

Беларускія ўлады гавораць пра порт ужо два гады. Летам 2019 году яны падпісалі інвэстыцыйную дамову з кампаніяй «Белпорт Ніжнія Жары». Апошні пазыцыянаваўся як турэцкі інвестар.

Паводле плянаў, грузаабарот порту за год мае дасягнуць 5 мільёнаў тонаў. Намесьнік старшыні Брагінскага райвыканкаму Пятро Раманюк апавядаў, што на плошчы 280 гектараў пабудуюць, апроч порту, лягістычны цэнтар і інфраструктуру. Кошт праекту — 64 мільёны даляраў. Грузы паплывуць Дняпром да Чорнага мора.

Пажадана пабудаваць і чыгунку да Ніжніх Жараў — працягнуць яе ад Хвойнікаў. На гэта трэба мінімум 100 мільёнаў даляраў.

Раманюк зазначыў, што інвэстар пачне будаўніцтва пасьля паглыбленьня дна Дняпра — ад Ніжніх Жараў да Кіеўскага вадасховішча на ўкраінскай тэрыторыі.

Калі пляны спраўдзяцца, праз порт можна будзе дастаўляць ва Ўкраіну і далей нафтапрадукты з Мазырскага НПЗ і калійныя ўгнаеньні зь Петрыкаўскага горнаўзбагачальнага камбінату, які цяпер будуецца.

Дамы вяскоўцаў ужо ацанілі

Ніжнія Жары — культавае месца для рыбакоў.

Жыхары вёскі з трывогай чакаюць рэалізацыі праекту. Іхныя дамы ўжо ацанілі. Гэта значыць — могуць выселіць.

18 лютага брагінскія ўлады правялі сустрэчу з тутэйшымі.

«Нічога канкрэтнага мы не пачулі. Інвэстара нам не прывезьлі, хоць і абяцалі. Сказалі толькі, што нашыя дамы ацанілі ў розныя сумы. Гэта рабілася для інвэстара, каб ён ведаў, якія яго чакаюць выдаткі. Дзе той інвэстар, хто ён, што нам чакаць, — невядома», — кажа Кацярына Федарэнка.

Кацярына Федарэнка

Як стала вядома Свабодзе, пад знос пойдуць 47 дамоў з больш як ста ў вёсцы. Большасьць іх служыць лецішчамі. Людзям выплацяць кампэнсацыі ці прапануюць новае жытло, напрыклад, у Камарыне. Мяркуецца, што знос пачнуць праз 2-3 месяцы.

Офіс інвэстара — тры пакоі ў ФАП

Яна працуе санітаркай у мясцовым фэльчара-акушэрскім пункце. Гэта ня проста вясковы пункт мэдычнай дапамогі. У гэтым жа будынку разьмешчаны офіс «таго самага» турэцкага інвэстара, якога людзям не паказалі.

«З райвыканкаму летась загадалі вызваліць палову ФАП — для офісу інвэстара. Вызвалілі тры пакоі. Вось яго офіс. Тут мы ніколі нікога ня бачылі. Сюды цягам 2019 году ішлі лісты адрасату „Белпорт“. Іх ніхто не забіраў. Мы іх аддавалі назад на пошту», — апавядае Кацярына Федарэнка.

Разам з прадстаўнікамі экалягічных арганізацыяў — «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і «Багна» — мы ўважліва агледзелі «офіс» інвэстара. Не знайшлі там прыкмет жыцьцядзейнасьці.

«Толку ня будзе! Раку спаскудзяць — і ўсё!»

Вяскоўцы сабраліся на сход каля крамы. Яны выклікалі зь Менску прадстаўнікоў «Аховы птушак Бацькаўшчыны» і «Багны» — каб ацаніць уплыў праекту порту на экалёгію.

Маргарыта Федарэнка кажа, што размовы пра порт і магчымае высяленьне людзей ідуць з 2017 году.

«Недзе ў 2017 годзе сюды прыяжджалі туркі. Перад іхным візытам тут рыхтаваліся, пакасілі ўсё, прыбралі. Вазілі туркаў на лодках, паказвалі раку і вёску», — узгадвае Маргарыта.

Яна катэгарычна супраць порту.

«Каб нешта турыстычнае зрабілі... Каб захавалі прыгажосьць нашай прыроды! У нас жа самы паўднёвы пункт Беларусі. Тут сонечных дзён больш, чым у Сочы. Тут можна адпачыць ня горш, чым на моры. Да нас едуць з усёй Беларусі рыбакі. Мы ня хочам, каб людзей выганялі з сваіх дамоў», — дадае дзяўчына.

Маргарыта Федарэнка

Адзін зь мясцовых жыхароў кажа, што «усё пачалося з парушэньня другога артыкулу Канстытуцыі, дзе напісана пра найвышэйшую каштоўнасьць — чалавека, яго правы і свабоду».

«І далей пачалося ўсё чапляцца адно за адно, у выніку цяпер дзевяць артыкулаў Канстытуцыі парушана! Порт — гэта прыкрыцьцё. Пабудуюць тут яны катэджы, адгарадзяцца ад народу плотам у тры мэтры, і ўсё», — разважае жыхар вёскі.

Фёдар Пузырыла ўсё жыцьцё, з 1937 году, пражыў у Ніжніх Жарах.

«Пакіньце нас у сваіх хатах. Тут зямлі хапае, а нас, мірнае насельніцтва, не чапайце. Хай бы мы, старыя, дажылі век у сваім кубле», — кажа пэнсіянэр.

Мікалай Федарэнка зазначае, што Ніжнія Жары ацалелі ў вайну, перажылі Чарнобыльскую катастрофу, а цяпер тут «хочуць усё спаскудзіць!».

«Навязуць сюды калійных угнаеньняў — а такое ўжо было. Навезьлі, насыпалі кучы, і дзе яны цяпер? У Дняпры. Тут чыстая зона, апошні яе куток», — хвалюецца Мікалай.

Жыхар Буда-Кашалёўскага раёну Ўладзімер кожныя выходныя прыяжджае ў Ніжнія Жары на рыбу.

«Які порт? Хай парадак навядуць на рацэ! Калі яны цяпер ня могуць навесьці парадак — што тады будзе? Загадзяць раку і ўсё на гэтым. Гэта проста нехта „адмывае“ грошы. Хто яшчэ не пасьпеў нажэрціся ў гэтай Беларусі — тут хоча нажэрціся. Для людзей тут нічога ня будзе, іх проста ўсіх адсюль выкінуць і ўсё», — нэрвуецца Уладзімер.

«Не забірайце ў нас малую радзіму!»

Тутэйшыя сабралі подпісы пад чарговым зваротам у адміністрацыю прэзыдэнта.

Яны просяць знайсьці магчымасьці справядліва разьвязаць канфлікт. Людзі баяцца, што паглыбленьне ракі прывядзе да зьнікненьня многіх відаў расьлін, птушак і рыб.

«Такіх куткоў прыроды амаль не засталося ў Беларусі, і мы хочам абараніць тое, што дорага нашаму сэрцу», — пішуць вяскоўцы. Яны ўпэўненыя, што экалягічныя рызыкі не пралічаныя, і патрабуюць правесьці ацэнку ўзьдзеяньня праекту на навакольнае асяродзьдзе і грамадзкае абмеркаваньне.

«Парушаюцца і міжнародныя пагадненьні, і нацыянальнае заканадаўства»

Супрацоўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Зуёнак упэўнены, што праект будаўніцтва супярэчыць экалягічнаму заканадаўству і міжнародным пагадненьням. Паводле яго, парушаюцца Рамсарскае і Бэрнскае пагадненьні, якія падпісала Беларусь.

«Гэтыя тэрыторыі якраз уваходзяць у рамсарскія ўгодзьдзі — асабліва ахоўваныя прыродныя тэрыторыі. Таксама гэтая тэрыторыя ёсьць часткаю „Смарагдавай сеткі“ — сыстэмы прыродаахоўных тэрыторыяў. Практычна нечапаных мясьцінаў у Беларусі не засталося. Але паплавы Дняпра і Прыпяці ў эўрапейскім маштабе ёсьць унікальнымі тэрыторыямі. Яны захаваліся ў адносна некранутым стане», — тлумачыць Сяргей Зуёнак.

Сяргей Зуёнак

Паплавы каля рэк — унікальная экасыстэма, якая ўтрымлівае цэлы набор характэрных відаў і птушак, і сысуноў, і расьлін, і бесхрыбетных. Сярод іх шмат тых, каго ахоўвае Чырвоная кніга.

«Гэтыя віды вельмі ўразьлівыя ў тым пляне, што яны ўзьніклі каля вады і могуць існаваць толькі каля вады. Парушэньні гідралягічнага рэжыму — пабудова дамбы, абвалаваньне берагоў, выпрастаньне адрэзку ракі ўплываюць на ўнікальныя віды, якія могуць зьнікнуць. Рэкі перасыхаюць — рыба ня мае дзе нерасьціцца, птушкі ня могуць гнездавацца», — тлумачыць каардынатар праекту.

Ён дадае, што порт у Ніжніх Жарах — частка інфраструктуры воднага шляху Е40.

«Для Е40 трэба перакапаць Прыпяць, зрабіць шлюзы, выпрастаць участкі ракі... Прыпяць ператворыцца ў вялікі канал», — зазначыў Сяргей Зуёнак.

Яшчэ адзін аргумэнт супраць амбіцыяў адраджэньня воднага транспарту ў Беларусі — высновы кліматолягаў. Рэкі мялеюць, і ёсьць прагноз, што праз 30-40 гадоў беларускія рэкі стануць у прынцыпе непраходнымі для рачных баржаў.

Дняпро ў Ніжніх Жарах

«У туркаў былі пляны вазіць нафтапрадукты з Мазырскага НПЗ. „Нафтавы канфлікт“ паміж Расеяй і Беларусьсю ставіць пад вялікае пытаньне такія пляны», — дадаў Сяргей Зуёнак.

Паглыбяць дно — падымуць з глею радыянукліды

Сяргей Зуёнак зьвяртае ўвагу, што пры паглыбленьні дна ракі з рэчышча на берагі будзе выкідацца глей і пясок. Гэта зьменіць берагавую лінію, паўплывае на ўмовы жыцьця для расьлін і гнездаваньня птушак.

«Шмат радыянуклідаў пасьля аварыі на ЧАЭС адклалася ў глеі. Калі пачнуць усё гэта варушыць — яны падымуцца на паверхню, пачнуць міграцыю, трапяць у ваду, арганізмы рыб, расьліны. Апынуцца літаральна паўсюль», — упэўнены каардынатар праекту.

Прадстаўнік «Багны» Канстанцін Чыкалаў заўважыў, што практычна ўся вёска — супраць будаўніцтва порту. Супраць праекту і рыбакі, якія прыяжджаюць сюды. Яны таксама ахвотна падпісаліся пад калектыўным зваротам.

У цэнтры — Канстанцін Чыкалаў

«Тут вялікія рыбныя ўгодзьдзі. Рыбы ня будзе, калі пойдуць вялікія караблі. Яны зьнішчаць нерасьцілішчы рыбы. Незразумелая сытуацыя і з інвэстарам, які быў і зьнік. У мэтазгоднасьці і прыбытковасьці праекту порту сумняецца і бізнэс-супольнасьць, якая прааналізавала праект. Паводле высноваў бізнэс-супольнасьці, калі праект выйдзе на нуль — гэта ўжо добра. Яшчэ сюды трэба цягнуць чыгунку — гэта плюс мінімум сто мільёнаў даляраў», — пракамэнтаваў Канстанцін Чыкалаў.

Ніжнія Жары

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Е40 пачалі рэалізоўваць, нягледзячы на пратэсты эколягаў: Украіна паглыбляе дно Прыпяці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кліматычная зіма так і не прыйшла ў Беларусь. За мінулыя тры месяцы 29 дзён былі рэкордна цёплымі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня зможа на просьбу Літвы павысіць узровень вады ў Вяльлі