Валерыя Салаўёва, якая ў студзені была ў адпачынку ў кітайскім Ухані, а потым у лютым два тыдні правяла ў карантыне ў расейскай Цюмені, пачуваецца добра. Да мэдыкаў у Менску яна не зьвярталася, бо мае некалькі даведак, што ўсе вынікі аналізаў на каранавірус яе адмоўныя.
«Вандроўка ва Ўхань запомнілася на ўсё жыцьцё»
21-гадовая Валерыя Салаўёва працуе ў Менску адміністратаркай у бары. 20 студзеня 2020 году яна ўпершыню выправілася за мяжу — да сваіх сяброў ва Ўхань, каб адсьвяткаваць кітайскі Новы год. Праз два дні 11-мільённы горад закрылі на карантын праз эпідэмію каранавірусу. Спачатку дзяўчына вырашыла адседзецца ва Ўхані, але навіны пра каранавірус рабіліся ўсё больш пагрозьлівымі. На пачатку лютага Валерыя зьвярнулася ў амбасаду Беларусі ў Кітаі, каб ёй дапамаглі выбрацца з Уханю.
«Вандроўка запомнілася на ўсё жыцьцё — ва Ўхань я ўпершыню ў жыцьці ляцела на звычайным пасажырскім самалёце, потым была эвакуацыя, а з Кітаю я ляцела на вайковым самалёце Іл-76», — кажа Валерыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я лепш перасяджу ва Ўхані». Чаму беларусы не сьпяшаюцца вяртацца з Кітаю на радзімуЗ Кітаю Валерыю вывезьлі 4 лютага на расейскім самалёце. Па прылёце ўсе запоўнілі анкеты і далі згоду на 14-дзённы карантын ў Расеі. У той дзень з Уханю ў Цюмень вылецелі два самалёты. Доўга чакалі вылету.
«Самалёт я запомню на ўсё жыцьцё. Звонку ён падобны да звычайнага, а ўнутры вельмі дзіўны. Раздалі нам сухую ссабойку, ваду. Ляцелі 6 гадзін да Ўлан-Удэ, дзе дазаправіліся. Тэмпэратура ва Ўлан-Удэ была мінус 31 — вада замарожаная ў намётах, далі нам харчовыя наборы таксама замарожаныя. У самалёце мы адагравалі ежу рукамі. Праз 4 гадзіны нарэшце вылецелі ў Цюмень».
«Я вельмі ўдзячная расейцам — нам стварылі ўсе ўмовы ў карантыне»
У Цюмені 144 эвакуяваных з Уханю пасадзілі ў аўтобус, раздалі новыя маскі, прадэзынфікавалі рукі марляй, намочанай сьпіртам, і павезьлі ў санаторыю "«Горадабудаўнік». Правялі інструктаж — была жорсткая ўмова, што калі хоць адзін чалавек выйдзе з свайго пакою, усе 144 чалавекі застануцца на дадатковым карантыне яшчэ на два тыдні.
«Натуральна, усе напалохаліся і сядзелі ў пакоях. Мы здалі ўсе свае рэчы, адзеньне, дазволілі толькі ніжнюю бялізну. Усё потым прадэзынфікавалі, нават пашпарт.
На ложках ляжалі піжамы, халаты, ручнікі. Былі зубныя шчоткі, шампунь, мыла, электрычны імбрык, кава, гарбата. Адзінае засмучала — аднаразовы посуд, штовечар выпрошвалі новы. Выдалі мясцовыя сімкі. Я вельмі ўдзячная расейцам — нам стварылі ўсе ўмовы ў карантыне», — распавяла Лера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як у хлеў загналі людзей, гэта вяршыня зьдзеку!» Як расейцаў і беларусаў вывозяць з Кітаю. ФОТАДва разы на тыдзень усе здавалі аналізы крыві, мачы і па чатыры мазкі з носу і горла. Кожнаму выдалі даведкі пра здадзеныя аналізы і пра тое, што вынікі аналізаў на каранавірус адмоўныя. Зь Цюмені усіх, хто быў у карантыне, 19 лютага адправілі самалётам у Маскву.
«Ніякага кантролю па прылёце ў Маскву не было. У Менск я дабіралася ўжо на цягніку. Пачуваюся я добра, ніякага недамаганьня няма, ніякай прастуды, таму да мэдыкаў я не зьвярталася. Пасьля таго як я дала інтэрвію, хтосьці ў камэнтарах напісаў, што мяне трэба ізаляваць. Мне было вельмі крыўдна — я ўжо была ў карантыне», — кажа Валерыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам. 271 чалавек на карантынеШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ