У Бішкеку 2 сакавіка ў цэнтры гораду сабраўся масавы мітынг з патрабаваньнем выпусьціць на волю былога дэпутата парлямэнту Садыра Жапарава. Удзельнікі сабраліся раніцай, мітынгавалі некалькі гадзін і патрабавалі сустрэчы з прэзыдэнтам.
Каля 18:15 па мясцовым часе мітынгоўцы рушылі ў бок будынка адміністрацыі прэзідэнта. Дарогу заступіла ім міліцыя, але мітынгоўцы прарвалі ачапленьне і працягнулі рух, перадае кіргізская служба Радыё Свабода.
У адказ на гэта супрацоўнікі міліцыі пачалі разганяць удзельнікаў мітынгу і выцясьняць іх з цэнтральнай плошчы гораду. Сведкі, якія знаходзяцца на месцы, паведамляюць, што сілавікі выкарыстоўвалі вадамёт, сьлезацечны газ, а таксама задзейнічалі сабак. У міліцыі Бішкеку заявілі, што некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў атрымалі траўмы.
Садыр Жапараў — былы дэпутат парлямэнту Кіргізстану. У 2018 годзе Жапараў быў прызнаны вінаватым у арганізацыі пратэстаў і ў захопе заложніка. Ён быў асуджаны на 11 з паловай гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У красавіку 2019 году Вярхоўны суд скараціў тэрмін зьняволеньня Жапарава, асудзіўшы палітыка на дзесяць гадоў пазбаўленьня волі.