Па выніках 2019 году ў Беларусі ўпершыню ўкладаньні ў інтэрнэт-рэкляму перавысілі аб'ём тэлерэклямы. Аналіз рынку кампаніі WebExpert пераказвае Maketing.by.
Агулам рэклямны рынак рос у Беларусі трэці год запар: пасьля абвалу 2015 году на 32% і падзеньня ў 2016 годзе на 9% ён вырас у 2017, 2018 і 2019 гадах на адпаведна 24%, 15% і 10,3%. На наступны год цяпер прагназуюць рост на 8%.
Паводле аналізу WebExpert, абсалютныя аб’ёмы інвэстыцыяў у тэлерэкляму ў 2019 годзе засталіся ў Беларусі практычна тымі ж: 41 млн даляраў. Але ў той жа час на інтэрнэт-рэкляму выдаткавалі на 20,5% больш — сума дасягнула 44,9 млн даляраў (гэта амаль 40% усіх выдаткаў на рэкляму).
У Расеі і ў Казахстане заўважылі падобны рост: адпаведна +20% і +25% аб’ёмаў інвэстыцыяў у інтэрнэт-рэкляму. Наогул па сьвеце, сьцьвярджаюць у аналізе, у 2019 годзе доля выдаткаў на інтэрнэт-рэкляму дасягнула 50,1% ад усяго рынку.
На вонкавую (out-of-home) рэкляму ў Беларусі выдаткавалі 14,9 млн даляраў (+20%), на радыё — 11,5 млн (+5%), на рэкляму ў друкаванай прэсе — 2,1 млн (–10%).
З усёй інтэрнэт-рэклямы 63% прыпала на кантэкстную (такую, якую паказваюць, напрыклад, на банэрах Google і Yandex, у залежнасьці ад таго, чым цікавіцца карыстальнік). Астатнія 37% пайшлі на банэры, мабільную рэкляму, відэа- і аўдыёролікі, рэкляму ў сацсетках, PR-артыкулы і спэцпраекты.
Каля 25% інтэрнэт-рэклямы замаўлялі вытворцы прадуктаў паўсядзённага попыту, 21% — аўтакампаніі, 18% — банкі і фінансавыя кампаніі.