Кітайскія ўлады прымушаюць уйгураў працаваць на фабрыках, якія вырабляюць прадукцыю для дзесяткаў сусьветна вядомых брэндаў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Аўстралійскага інстытута стратэгічнай палітыкі (ASPI).
Справаздача ASPI заснаваная на аналізе адкрытых зьвестак, здымкаў са спадарожнікаў, іншых дасьледчых працаў і матэрыялаў у СМІ. У дасьледаваньні гаворыцца, што ўлады Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага рэгіёну фактычна прыцягваюць уйгураў да прымусовай працы па працоўных кантрактах у розных рэгіёнах краіны.
Ня менш за 80 тысяч уйгураў у 2017–2019 гадах былі вывезеныя з Сіньцзяну для працы на фабрыках у дзевяці іншых правінцыях Кітаю, гаворыцца ў дакладзе. Там ім абмяжоўваюць свабоду перамяшчэньня, разьмяшчаюць у асобных інтэрнатах, прымушаюць наведваць заняткі па ідэалягічнай падрыхтоўцы і забараняюць зьдзяйсьняць рэлігійныя абрады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць 28 кітайскіх арганізацый і фірмаўДаследнікі знайшлі 27 кітайскіх фабрык, на якіх працуюць уйгуры. Гэтыя прадпрыемствы зьвязаныя з 83 сусьветна вядомымі брэндамі, сярод якіх Apple, Google, Microsoft, Adidas, Nike, H&M, Uniqlo, Zara, Mercedes-Benz і Volkswagen. Мяркуецца, што брэнды ня ведалі аб прымусовай працы уйгураў на фабрыках сваіх пастаўшчыкоў.
З 2017 году зь Сіньцзян-Уйгурскага рэгіёну Кітаю паступаюць паведамленьні аб дыскрымінацыі этнічных меншасьцяў, якія ў асноўным вызнаюць іслам, і адпраўцы прадстаўнікоў карэнных суполак (уйгураў, казахаў, кіргізаў і іншых) у «лягеры палітычнага перавыхаваньня». Пэкін сьцьвярджае, што гэтыя ўстановы, якія актывісты называюць «лягерамі палітычнага перавыхаваньня», зьяўляюцца цэнтрамі прафэсійнага навучаньня, створанымі для процідзеяньня экстрэмізму і тэрарызму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі могуць адсачыць кожны ваш рух. Ці такая будучыня чакае Беларусь і ўвесь сьвет?14 студзеня 2020 года Human Rights Watch назвала Кітай галоўным парушальнікам правоў чалавека ў 2019 годзе. Кітай, паводле зьвестак праваабаронцаў, выкарыстоўвае эканамічныя і дыпляматычныя сродкі, у тым ліку пагрозы і шантаж у адрас прадстаўнікоў розных краінаў у ААН, каб сусьветная супольнасьць не змагла прыцягнуць яго да адказнасьці за рэпрэсіі ў дачыненьні да мусульманскіх меншасьцяў і іншыя парушэньні правоў чалавека.