Украіна напярэдадні зьмены ўраду. Тлумачым, што адбываецца

Аляксей Ганчарук

Вярхоўная рада Ўкраіны на пазачарговым пасяджэньні 4 сакавіка, якое ініцыяваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, плянуе разгледзець пытаньне аб Кабінэце міністраў.

«Я ніякіх заяў (аб адстаўцы. — РС) па стане на гэтую хвіліну не пісаў. Таксама шмат ведаю і чуў — магчыа, што ў нас будуць кансультацыі з прэзыдэнтам і парлямэнтам. Мне больш няма чаго камэнтаваць», — паведаміў прэм’ер-міністар Украіны Аляксей Ганчарук сёньня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, гаворка ідзе аб неабходнасьці ўзмацненьня складу ўраду, але большасьць сродкаў масавай інфармацыі паведамляюць, што на пазачарговым пасяджэньні парлямэнт мусіць ухваліць адстаўку прэм’ера і шэрагу сілавых структур.

Пытаньне зьмены кіраўніка ўраду абмяркоўвалася з восені мінулага году. Але кожны раз чуткі зьняпраўджвалі як чальцы Кабінэту міністраў, так і ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны. У сярэдзіне студзеня Аляксей Ганчарук напісаў нават заяву аб звальненьні, але накіраваў яе не ў парлямэнт, як гэта прадугледжана заканадаўствам, а прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму. Заява так і не была перададзеная ў Вярхоўную Раду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося ва Ўкраіне і ці будзе там новы ўрад?

Тады Аляксей Ганчарук патлумачыў свае дзеяньні наступным чынам:

«Для нас прынцыпова мець давер усярэдзіне каманды на 100 адсоткаў. Апошні час вакол ураду шмат інфармацыйных атак і маніпуляцый. Іх мэта — пасеяць разлад, стварыць уражаньне, што нібыта нехта не паважае прэзыдэнта. Гэта няпраўда. Мы адна каманда і хочам ёй застацца. Таму ўрад Украіны працягвае працаваць у штатным рэжыме да таго моманту, пакуль прэзыдэнт Украіны ня ўхваліць рашэньне, хто на якой пазыцыі ў вялікай камандзе можа працаваць. Гэта палітычнае рашэньне, якога мы чакаем ад лідэра нашай палітычнай сілы».

Асаблівасьці адстаўкі

Згодна з законам аб Кабінэце міністраў, прэм’ер-міністар мае права заявіць пра сваю адстаўку ў Вярхоўнай Радзе і парлямэнт павінен разгледзець гэтае пытаньне не пазьней, чым на 10-ы дзень пасьля атрыманьня заявы. Адстаўка кіраўніка ўраду азначае адстаўку ўсяго Кабінэту міністраў.

Гэта, па сутнасьці, адзіная працэдура, паводле якой цяпер могуць адбыцца кадравыя ратацыі ва ўрадзе Ўкраіны, бо заканадаўства вызначае для яго імунітэт цягам аднаго году пасьля зацьвярджэньня праграмы дзейнасьці. Гэта азначае, што Вярхоўная Рада як мінімум да кастрычніка ня можа ініцыяваць адстаўку ўраду.

На мінулым тыдні Ўладзімір Зяленскі накіраваў ліст кіраўніку парлямэнту Дзьмітрыю Разумкову з просьбай правесьці пазачарговае пасяджэньне парлямэнту і прапанаваў разгледзець на ім некалькі пытаньняў, у тым ліку і пытаньне Кабінэту міністраў.

У выпадку, калі дэпутаты падтрымаюць адстаўку прэм’ер-міністра, урад часова ўзначаліць цяперашні віцэ-прэм’ер-міністар Дзяніс Шмыгаль. Адначасова прэзыдэнт ініцыяваў справаздачу ў парлямэнце кіраўнікоў сілавых органаў — Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро, Генэральнай пракуратуры, Службы бясьпекі, Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў і Міністэрства ўнутраных спраў.

Ва ўкраінскіх СМІ прагназуюць, што ў выпадку адстаўкі Аляксея Ганчарука зьменяць і кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў, у тым ліку абароны, фінансаў, адукацыі, здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Ўкраіны мяркуюць, што існуе верагоднасьць акупацыі Беларусі Расеяй, і рыхтуюцца да гэтага

Хто наступны?

Пакуль што дакладна невядома, хто заменіць Аляксея Ганчарука на пасадзе кіраўніка ўраду. Раней разглядалася кандыдатура Сяргея Цігіпкі, які неаднаразова за сваю дзейнасьць у палітыцы працаваў у складзе ўраду. Да Рэвалюцыі годнасьці Сяргей Цігіпка быў сябрам Партыі рэгіёнаў і, згодна з заканадаўствам пра люстрацыю, ня можа прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністра.

Палітычныя экспэрты не выключаюць, што новым прэм’ер-міністрам стане Дзяніс Шмігаль. Ён быў прызначаны на пасаду віцэ-прэм’ера 4 лютага. Ураджэнец Львова, скончыў Львоўскую палітэхніку ў 1997 годзе. Кар’еру на дзяржаўнай службе пачаў у 2009 годзе, да 2013 года працаваў у Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. У 2014 годзе стаў намеснікам начальніка ўпраўлення Міністэрства даходаў у Львоўскай вобласьці.

У 2015-2017 гадах працаваў на розных кіроўных пасадах у гандлёва-вытворчых і энэргетычных кампаніях. Са жніўня 2019-га да лютага 2020 году ўзначальваў Івана-Франкоўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю.