Першы танкер з азэрбайджанскай нафтай для Беларусі адгрузяць на гэтым тыдні 

Азэрбайджанская нафтавая кампанія SOCAR

5-6 сакавіка дзяржаўная нафтавая кампанія Азэрбайджану SOCAR адправіць танкер для Беларусі з турэцкага порту Джэйхан, паведаміў ТАСС ​афіцыйны прадстаўнік SOCAR Ібрагім Ахмэдаў.

Аб’ём нафты складзе 85 тысяч тон, пасьля гэтага пачнецца загрузка яшчэ аднаго танкера.

Раней у кампаніі казалі, што танкер з нафтай для канцэрну «Белнафтахім» плянуецца адгрузіць 20 сакавіка з грузінскага порту Супса, цяпер тэрмін і месца зьмяніліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Труба гатовая да працы». Беларусь рыхтуецца пампаваць азэрбайджанскую нафту праз Украіну 

На мінулым тыдні у «Белнафтахіме» пацьвердзілі ўгоду з SOCAR на пастаўку двух танкераў нафты агульным аб’ёмам 160 тысяч тон. У канцэрне ўдакладнілі, што сыравіну пачнуць пастаўляць па нафтаправодзе Адэса — Броды ў сакавіку.

Танкер расейскай нафты — «у першай дэкадзе»

«Белнафтахім» таксама чакае, што ў першыя 10 дзён сакавіка ў літоўскую Клайпеду прыбудзе першы танкер з расейскай нафтай, перадае БелТА. Таксама ў сакавіку чакаюць прыбыцьця другога танкера з расейскай нафтай. Агулам Беларусь дамовілася пра пастаўкі такім шляхам (морам, праз трэйдэраў, бяз прэміяў) 160 тысячаў тонаў расейскай нафты.

***

На фоне напружаных перамоваў з Расеяй кіраўніцтва Беларусі разглядае варыянты дывэрсыфікацыі нафтавых паставак. Кантракты на пастаўку расейскай нафты завершыліся 31 сьнежня 2019 году, аднак дагэтуль бакі не прыйшлі да згоды аб парамэтрах новага пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь будзе імпартаваць нафту праз Украіну

Ад пачатку гэтага году толькі група кампаній «Сафмар» расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева пастаўляе нафту ў Беларусь, адначасова Менск шукае альтэрнатыўныя варыянты.