Правацэнтрысцкая палітычная партыя «Звычайныя людзі і незалежныя асобы» (OLaNO), якую ўзначальвае 46-гадовы дэпутат славацкага парлямэнту Ігар Матавіч, пераканаўча выйграла парляменцкія выбары ў краіне. Пра гэта паведамляе Славацкае радыё.
У парлямэнт прайшла партыя OLaNO, якая набрала 25,02% галасоў выбарнікаў, партыя «Кірунак — сацыяльная дэмакратыя» Робэрта Фіцы, якая рыхтуецца перайсьці ў апазыцыю (18,2%), правацэнтрысцкі рух «Мы сям’я» (8,2%), праварадыкальная партыя «Котлеба — Народная партыя «Наша Славаччына» (7,9%), лібэральная партыя «Свабода і салідарнасьць» (6,2%) і лібэральна-кансэрватыўная партыя «За людзей» (5, 7%), якую ўзначальвае экс-прэзыдэнт Славаччыны Андрэй Кіска (2014–2019).
У 150-мандатным парлямэнце правацэнтрысцкія палітычныя суб’екты атрымалі 95 дэпутацкіх крэслаў, 53 зь якіх будуць належаць OLaNO.
Партыя пабудавала сваю перадвыбарчую праграму на закліках да барацьбы з карупцыяй. Матовіч у нядзелю пацьвердзіў эўраатлянтычную арыентацыю Славаччыны. Будучы ўрад, калі ён будзе ім створаны, працягне працу ўмацаваньня адзінства Эўразьвязу, сказаў ён.