Эрдаган: мяжу Турэччыны і Эўразьвязу перасеклі тысячы сырыйскіх уцекачоў

Прэзыдэнт Турэччыны Эрдаган

Каля 18 тысяч уцекачоў перасеклі мяжу Турцыі з Эўразьвязям у выніку абвастрэньня ваеннага канфлікту ў сырыйскай правінцыі Ідліб. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.

У ноч на суботу, 29 лютага, грэцкая паліцыя ўжыла сьлёзацечны газ па групах сырыйскіх мігрантаў на мяжы з Турэччынай, піша Reuters.

Паводле відавочцаў, уцекачы кідалі ў паліцыянтаў камяні, спрабуючы трапіць на тэрыторыю Грэцыі.

Прэзыдэнт Турэччыны заявіў, што Анкара гатовая стварыць для мільёна ўцекачоў бясьпечную зону на поўдні краіны. Разам з тым Эрдаган прыгразіў адправіць уцекачоў у Нямеччыну, калі Бэрлін ня выканае свае абяцаньні фінансаваць лягеры для мігрантаў.

Апошнімі днямі ў Ідлібе абвастрылася процістаяньне войскаў сырыйскай апазіцыі і арміяй прэзыдэнта Башара Асада. Тысячы мірных жыхароў пакінулі свае дамы і накіраваліся ў Турэччыну. Турэцкія ўлады заявілі, што ня змогуць спыніць паток уцекачоў, калі тыя будуць рухацца ў Эўропу.

Пасьля гэтых заяў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў пра ўзмацненьне абароны паўднёвай мяжы.

Канфлікт у Сырыі пачаўся дзевяць гадоў назад з масавых выступаў супраць рэжыму Асада. Пратэсты былі задушаныя сілай, у краіне ўспыхнула паўстаньне. Краіна распалася на раёны, кантраляваныя дзесяткамі груповак. Частка тэрыторыі адышла пад кантроль тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

З 2014 году барацьбу з радыкальнымі ісламістамі ў Сырыі пачала міжнародная кааліцыя на чале з ЗША. Кааліцыя падтрымлівае сілы сырыйскай дэмакратычнай апазіцыі. Расейская ваенная кампанія на баку Асада пачалася ўвосень 2015 году. Турэччына ваюе на баку сырыйскай апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пачатку апэрацыі Турэччыны ў Сырыі каля 180 тысяч людзей пакінулі свае дамы