Зранку 28 лютага стала вядома, што ў студэнта БНТУ з Ірану выявілі COVID-19 — гэта першы выпадак новага каранавірусу ў Беларусі. Хворага шпіталізавалі, Мінздароўя сьцьвярджае, што ён і тыя, хто зь ім кантактавалі, «адчуваюць сябе абсалютна здавальняюча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіУ БНТУ тым часам заняткаў не спынялі, але плянуюць пераводзіць студэнтаў на індывідуальнае навучаньне. Рэктар БНТУ Сяргей Харытончык заявіў: «Надзвычайнай сытуацыі няма».
Паводле рэктара, індывідуальнае навучаньне студэнтаў БНТУ будзе арганізаванае з 28 лютага па 16 сакавіка. Схему навучаньня дэтальна прапрацуюць. Але яна ўжо выкарыстоўвалася, калі студэнты валянтэрылі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня Эўрапейскіх гульняў у Менску.
«Панікі няма», – сьцвярджае Сяргей Харытончык.
Унівэрсытэт у афіцыйнай заяве запэўнівае, што рэктарам прынятыя ўсе захады, рэкамэндаваныя Міністэрствам аховы здароўя для вырашэньня сытуацыі з захворваньнем.
«Сытуацыя кіраваная і знаходзіцца пад кантролем кіраўніцтва», — гаворыцца ў заяве.
Your browser doesn’t support HTML5
Рэктар паведаміў, што ў месцах, дзе знаходзіўся хворы студэнт, правялі санітарную апрацоўку.
«Ва ўнівэрсытэце арганізаваны штодзённы кантроль за станам здароўя навучэнцаў, выкладчыкаў і работнікаў. Узмацняюцца меры санітарна-гігіенічнага кантролю і дэзынфэкцыі», — паведамляецца ў заяве.
Уваход у інтэрнаты ўжо абмежаваны. Адмяняюцца масавыя падзеі ва ўнівэрсытэце, а студэнтам і работнікам рэкамэндуюць не наведваць масавых імпрэз у горадзе і абмежаваць кантакты. Ва ўнівэрсытэце пачала працу апэратыўная група пад кіраўніцтвам першага прарэктара БНТУ Георгія Вяршыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта чаканая сытуацыя». Усясьветная арганізацыя здароўя атрымала інфармацыю пра каранавірус у БеларусіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.