Зранку 28 лютага стала вядома, што ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак COVID-19: каранавірус выявілі ў студэнта БНТУ з Ірану. Што рабіць тым, хто падазрае, што таксама мог заразіцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
На мяжы правераць
Цяпер у Беларусь пускаюць людзей нават з тых краінаў, дзе фіксавалі ўспышкі COVID-19 — і закрываць межы не зьбіраюцца, бо мяркуюць, што гэта толькі нашкодзіць. Але ў Нацыянальным аэрапорце пасажыраў правяраюць на чатырох санітарна-карантынных пунктах, таксама ўзмоцнены кантроль зладзілі на «наземных» межах — калі пабачаць сымптомы, правераць адразу на месцы.
Прыватныя клінікі не правяраюць
Ніводная прыватная клініка ў Беларусі пакуль не абвяшчала, што робіць аналізы на COVID-19. Свабода спраўдзіла: у найбольш папулярных прыватных клініках Менска кажуць, што ня робяць такіх аналізаў, але не выключаюць, што могуць пачаць рабіць калі-небудзь у будучыні.
У інфэкцыйную лякарню — толькі пасьля паездак у небясьпечныя раёны і першых сымптомаў
У Менскай гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні кажуць, што проста кожнаму ахвочаму аналіз на каранавірус ня робяць. У гэтай лякарні робяць аналізы «толькі калі чалавек прыбыў з эндэмічных раёнаў і калі яго непакоіць кашаль, насмарк, тэмпэратура».
Іншым жа раяць зьвяртацца ў звычайную паліклініку. У самой Менскай інфэкцыйнай лякарні цяпер карантын.
Калі сымптомаў няма — выклікаць на дом лекара
Супрацоўніца Менскай клінічнай лякарні параіла зьвяртацца людзям, якія хочуць праверыцца на каранавірус «для ўласнага супакаеньня» (без сымптомаў, але пасьля кантактаў з магчыма хворымі), зьвяртацца ў звычайную паліклініку. Каб не кантактаваць лішні раз з наведнікамі паліклінікі — выклікаць тэрапэўта на дом, расказаўшы пра прычыны падазрэньняў на каранавірус.
Заставайцеся дома, калі вы пачуваецеся кепска, нават калі ў вас вельмі невыразныя сымптомы. Не кантактуйце зь іншымі людзьмі і не наведвайце публічных месцаў.
Калі сымптомы ёсьць — лепей «хуткую»
Пры самых нязначных праявах хваробы (тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць) неадкладна зьвяртайцеся да дактароў — лепей выклікаць «хуткую дапамогу». Лекараў «хуткай» праінструктавалі пра каранавірус яшчэ некалькі тыдняў таму.
Якія наогул сымптомы?
Сымптомы COVID-19 падобныя да многіх іншых рэсьпіраторных захворваньняў, таму неабходны дадатковы скрынінг. Сама па сабе наяўнасьць сымптомаў накшталт кашлю, высокай тэмпэратуры і цяжкага дыханьня яшчэ ня значыць, што чалавек заразіўся менавіта каранавірусам. Але гэтыя сымптомы — нагода праверыцца, калі маглі быць кантакты з заражанымі менавіта COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады Сусьветнай арганізацыі здароўяШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.