«Дактары прыехалі ў „скафандрах“». У Лідзе хлопец трапіў у лякарню пасьля падарожжа ў Кітай

Дзьмітры Кандзіранда ў Лідзкай лякарні

Аматар падарожжаў аўтастопам Дзьмітры Кандзіранда, які праз Маскву вярнуўся з Кітаю ў Беларусь, трапіў у інфэкцыйнае аддзяленьне Лідзкай раённай лякарні. Яго паклалі ў асобную чатырохмесную палату. Пасьля таго, як аналіз на каранавірус не пацьвердзіўся, яго адпусьцілі дадому ўвечары 28 лютага.

У Дзьмітрыя ўзялі аналізы на каранавірус, але іх накіравалі ў Менск, бо такія дасьледаваньні ў Лідзе ня робяць.

26 лютага яму патэлефанала доктарка і спыталася, дзе і колькі ён быў у Кітаі. Яна сказала, што ісьці нікуды ня трэба, дактары самі прыедуць на кватэру і зробяць абсьледаваньне.

Дома Дзьмітры быў разам са сваёй сяброўкай Вольгай, зь якой падарожнічаў у Кітаі, і братам.

«Лекары на хуткай прыехалі, нібыта ў скафандрах», — кажа Дзьмітры.

У Дзьмітрыя была тэмпература, і яго забралі ў лякарню. У сяброўкі таксама ўзялі аналізы, але яна засталася дома на карантыне.

«Яшчэ да агляду лекарамі дома падпісалі паперы, што з кватэры без неабходнасьці выходзіць ня будзем, а калі гэта робім, то толькі ў масцы», — кажа Дзьмітры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Ці можна набыць маскі ў лідзкіх аптэках, Дзьмітры ня ведае, але мэдыкі яму далі каля дзесяці ахоўных масак.

«З палаты нікуды нельга выходзіць, усё пазамыкана. Дактары, калі трэба, прыходзіць у масках і халатах. Ежу прыносяць. Тут ёсьць адмысловае вакенца, празь якое ежу з таго боку ставяць у шафку, а з гэтага боку я яго адчыняю і забіраю. Тут жа ёсьць прыбіральня, ванна, душ, гарачая і халодная вада. Адзінае, што я курэц, а смаліць нельга.

Але я патрываю, — расказвае Дзьмітры. — Лекар кажа, што гэта не карантын, карантын у Менску, а тут простая лякарня. І наогул цяпер мала месцаў, бо грып».

У Ліду ён прыехаў 23 лютага, 26-га яму патэлефанавалі лекары, а 27-га забралі ў шпіталь.

«Я выконваў тыя ж рэкамэндацыі, якія мне далі ў Маскве: сядзець дома, мераць два разы на дзень тэмпературу і пры дрэнным адчуваньні патэлефанаваць у „хуткую“. Але я сябе нармальна адчуваў. А калі мяне выпішуць зь лякарні, я буду тое ж самае рабіць», — кажа Дзьмітры.

Сяброўцы Дзьмітрыя Вользе лекары тэлефануюць дахаты і пытаюцца, якая ў яе тэмпэратура.

А як мэдыкі даведаліся, што Дзьмітры і Вольга прыехалі ў Ліду пасьля наведваньня Кітаю?

«Атрымліваецца, што мяне “здаў” сусед. Відаць, ён прачытаў недзе пра нас у сацсетках. Ён жыве ў нашым доме і ведае маё прозьвішча. І ён, відаць, патэлефанаваў у паліклініку ці ў „хуткую“. Выходзіць, што ўчастковы лекар даведаўся раней за ўсіх», — кажа Дзьмітры.

Аматары падарожжаў аўтастопам Дзьмітры Кандзіранда зь Ліды і Вольга Кудрашова зь Менску прыехалі ў Кітай 8 студзеня і не маглі яго пакінуць з прычыны эпідэміі каранавіруснай інфэкцыі. 22 лютага самалётам яны прыляцелі ў Маскву.

Абноўлена

Увечары 28 лютага Дзьмітры паведаміў, што каранавіруса ў яго не знайшлі.

«Я здаровы, аналізы не пацьвердзіліся, мяне адправілі дахаты!» - напісаў нам Дзьмітры.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ