Прага стала чацьвёртым горадам, дзе адрас амбасады Расеі цяпер «Плошча Барыса Нямцова». ФОТАРЭПАРТАЖ

Адмыслова да перайменаваньня плошчы на ёй ўсталявалі дзьве новыя шыльды з назвай.

Адна зь іх перад цырымоніяй была закрытая шторкай, але другая, трохі далей, ужо была адкрытая. Яе ўсталявалі проста перад уваходам у расейскую амбасаду.

Чэскія актывісты, якія выступалі за перайменаваньне плошчы, з плякатамі "Змагайся!" і значкамі з надпісам "Трымаем заходні курс". Гісторыя зь перайменаваньнем плошчы каля расійскай амбасады ў гонар Нямцова доўжылася 4 гады і стала люстэркам супрацьстаяньня ва ўнутранай чэскай палітыцы: "за" выступалі прыхільнікі празаходняга курсу Чэхіі, супраць - прадстаўнікі кансэрватыўнага і правага лягеру, а таксама прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман.

Супраць перайменаваньня выступалі і многія жыхары праскага раёну Бубенеч, якія лічаць, што плошчу можна было б назваць у гонар кагосьці з годных ушанаваньня чэхаў. Тым ня менш, на ўрачыстае адкрыцьцё прыйшло толькі некалькі праціўнікаў перайменаваньня. Адзін зь іх (на фота ён трымае сьцяг Чэхіі) спрабаваў сарваць цырымонію крыкамі і сьвістам, распачаў бойку з адным з прыхільнікаў новай назвы і гаварыў пра засільле мігрантаў у Чэхіі і пра тое, што ўлады замоўчваюць гэтую праблему.

Парадак на плошчы ахоўвалі каля дзесяці паліцыянтаў.

Назву «Пад каштанамі» захавае за сабой адна з вуліц, якія ідуць ад плошчы Барыса Нямцова ўздоўж плота расейскай амбасады.

Плякат у руках аднаго з тых, хто прыйшоў на цырымонію: "Спыніць чырвоны нацызм. Вось зла: Кітай - Расея - Іран - Турэччына - Вэнэсуэла - Савудаўская Арабія".

Надпіс на плякаце заклікае судзіць прадстаўнікоў вышэйшай расейскай улады: "Нюрнбэрскі працэс - 2".

У цырымоніі ўдзельнічала дачка Барыса Нямцова Жанна. "Дзякуй усім, хто прыйшоў сёньня. Я рада, што гэтая плошча будзе названа імем майго бацькі. Дзякуй мэру Прагі Здэнку Гржыбу, усім жыхарам Прагі, якія дамагаліся гэтага. Гэта сапраўды вельмі важна для расейцаў. Я хачу падзяліцца з вамі сёньня, у гадавіну забойства майго бацькі, сваімі эмоцыямі. Вядома, гэта велізарная асабістая трагедыя, але пакулькі быў забіты ня толькі мой бацька, але расейскі палітычны дзеяч, лідэр расейскай апазыцыі, перада мной як яго дачкой ўстала некалькі пытаньняў. А менавіта: маўчаць ці нешта рабіць? І я магу сказаць, што мне было страшна займацца расьсьледаваньнем. Мне было шалёна страшна падпісваць хадайніцтва аб допыце прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава. Аб допыце кіраўніка ўнутраных войскаў Віктара Золатава. Мне было страшна ствараць фонд Нямцова, таму што ў мяне не было ніякага вопыту. Але я зрабіла гэты выбар ", - сказала ў сваёй прамове Жана Нямцова.

Жана Нямцова: "Майго бацьку памятаюць паплечнікі, памятаюць апанэнты, памятаюць нават чыноўнікі: губэрнатар Ніжагародзкай вобласьці ініцыяваў памятныя мерапрыемствы. Прычына такога яднаньня у тым, што мой бацька быў і застаецца сымбалем гуманізму ў расейскай палітыцы. Такіх палітычных дзеячоў у Расеі вельмі мала".

Мэр Прагі і адзін з галоўных ініцыятараў перайменаваньня Здэнэк Гржыб.

Адна з шыльдаў з новай назвай плошчы.

Таксама ў чацьвер побач з плошчай Барыса Нямцова зьявіўся і бульвар імя забітай журналісткі Ганны Паліткоўскай: у яе гонар гарадзкая рада вырашыла назваць безназоўную сьцежку, якая вядзе ад амбасады Расеі ў бок парку Стромаўка.