Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што 27 лютага тэсты пацьвердзілі першы ў краіне выпадак хваробы COVID-19 у студэнта з Ірану.
Тэсты праводзілі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялёгіі. Вірус выявілі ў студэнта аднаго зь беларускіх ВНУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага. Пацыент цяпер адчувае сябе «здавальняюча», піша Міністэрства аховы здароўя.
Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы Менскай інфэкцыйнай лякарні. Зь якой колькасьцю людзей ён кантактаваў з 22 па 27 лютага, ня пішуць.
Міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік расказаў, што выпадак заражэньня здарыўся са студэнтам БНТУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіРаней у Беларусі былі толькі выпадкі падазрэньняў на заражэньне новым каранавірусам, але яны не пацьвярджаліся.
«У яго жонка была хворая, ён ад яе падхапіў» — што кажуць студэнта пра іранца з каранавірусам
«Сам іранец казаў, што ён пачуваецца някепска, у яго тэмпэратура. Але казаў, што ў яго жонка хворая. Напэўна, ён ад яе падхапіў, — распавёў Свабодзе студэнт БНТУ. — Сытуацыя спакойная. Я ўвогуле на расслабоне. Мы давяраем нашай дзяржаве. Групу, у якой вучыўся іранец, паклалі ў Бараўляны на два тыдні. Забралі іх ранкам сёньня. Ізалявалі.
Унівэрсытэт пераведзены на індывідуальнае навучаньне. Студэнты, якія не кантактавалі з гэтай групай, чакаем, што нам скажуць рабіць далей. Напэўна, праз 1-2 гадзіны будзем ведаць».
Іншы студэнт паведаміў, што ўвесь другі курс унівэрсытэту забралі ў Бараўляны зранку. Выкладчыкі таксама пераведзеныя на карантын.
Правяраць будуць усіх з Ірану, Італіі і Паўднёвай Карэі
Мінздароўя пастанавіла, што з прычыны пагаршэньня эпідэмічнай сытуацыі ў Паўднёвай Карэі, Іране і Італіі зараз пачнуць праводзіць поўную лябараторную дыягностыку ўсіх, хто прыбывае ў Беларусь з гэтых краінаў.
Ужо цяпер правяраюць усіх, хто прыбывае з Кітаю, але забараняць уезд у Беларусь усім, хто прыбывае з рэгіёнаў з успышкамі каранавірусу, прынамсі пакуль, улады не зьбіраюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцеражыцеся каранавірусу. Што раяць беларусам, якія едуць у Кітай і на поўнач Італіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: у Нямеччыне пачатак эпідэміі, у Літве — надзвычайнае становішча, у Паўднёвай Карэі перанесьлі манэўры
Новы каранавірус ужо забіў амаль тры тысячы чалавек
Агулам у сьвеце на раніцу 28 лютага было зафіксавана каля 83,4 тысячы выпадкаў заражэньня COVID-19. Зь іх 78,9 тысячы ў Кітаі, 2 тысячы ў Паўднёвай Карэі, больш за 650 у Італіі, звыш дзьвюх соцень у Іране і Японіі. Таксама сем соцень выпадкаў зафіксавалі на круізным ляйнэры Diamond Princess, што працяглы час стаяў ля берагоў Японіі.
Ад хваробаў, выкліканых вірусам, памерлі 2858 чалавек (2788 у Кітаі, 26 у Іране, 13 у Паўднёвай Карэі).
Былі выпісаныя здаровымі звыш 36,5 тысячы чалавек, у якіх фіксавалі вірус. Каля 8,1 тысячы яшчэ знаходзяцца ў крытычным стане.
За апошні дзень зафіксавалі 335 новых выпадкаў у Кітаі, 256 — у Паўднёвай Карэі, па адным у Літве, Нігерыі і Новай Зэляндыі. За дзень памерлі 44 чалавекі — усе ў Кітаі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.