«Гэта права чалавека». Канстытуцыйны суд Нямеччыны дазволіў эўтаназію

Ілюстрацыйнае фота

Забарона на эўтаназію на камэрцыйнай аснове супярэчыць асноўнаму закону Нямеччыны. Такое рашэньне Фэдэральны канстытуцыйны суд краіны вынес у сераду, 26 лютага, паведамляе DW.

Судзьдзі ў Карлсруэ ўбачылі ў забароне парушэньне правоў цяжкахворых людзей і дактароў. Права на смерць па ўласным меркаванні адносіцца да асабістых правоў чалавека, вырашылі судзьдзі. Яно ўключае свабоду ўчыніць самагубства ці зьвярнуцца па дапамогу трэцяга боку для добраахвотнага сыходу з жыцьця, адзначыў старшыня вышэйшай судовай інстанцыі ФРГ Андрэас Фоскуле.

У лістападзе 2015 года нямецкі бундэстаг абвясьціў па-за законам арганізацыі, якія садзейнічаюць на камэрцыйнай аснове эўтаназіі ў ФРГ. Пры гэтым, як адзначае агенцтва AFP, паняцьце «камэрцыйны» азначала ня толькі «матэрыяльную зацікаўленасьць» пры прадастаўленьні магчымасьці эўтаназіі, але і неаднаразовае бязвыплатнае садзейнічаньне сыходу з жыцьця невылечна хворых людзей.

Парушэньне забароны пагражала пазбаўленьнем волі на тэрмін да 3 гадоў.