Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам увёў ва Ўкраіне Дзень супраціву расейскай акупацыі Крыму.
«У гэты дзень, роўна 6 гадоў таму, у Сымфэропалі адбылася самая вялікая акцыя ў падтрымку цэласнасьці і адзінства нашай краіны. Ушанаваўшы мужнасьць і гераізм усіх удзельнікаў акцыі, я сёньня падпісаў указ аб Дні супраціву акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і гораду Севастопаля. Гэты дзень будзе адзначацца штогод 26 лютага», — паведаміў Уладзімір Зяленскі сёньня ў Кіеве, выступаючы на форуме «Age Of Crimea Forum 2020».
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што, як і ўсё ўкраінскае грамадзтва, ён лічыць Крым украінскім:
«Наша грамадзтва можа спрачацца па розных пытаньнях, але гэтае не выклікае ніякіх спрэчак і сумневаў. У гэтым пытаньні ўкраінцы на 100 адсоткаў адзіныя. І вяртаньне Крыму — гэта бясспрэчная частка нашай нацыянальнай ідэі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў сьвеце настальгуе па землях суседзяў?Праблемы крымскататарскага тэлеканалу
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што найбліжэйшым часам будзе адноўлена дзяржаўнае фінансаваньне крымскататарскага тэлеканалу ATR, які вяшчае на крымскую тэрыторыю з Украіны:
«Мы павінны размаўляць з крымчанамі пра тое, што робіць дзяржава для іх абароны. Таму важна, вельмі важна забясьпечыць вяшчаньне на Крым. Людзям там патрэбная крыніца аб’ектыўнай інфармацыі пра сучасную Ўкраіну. Я хачу запэўніць, што канал ATR прадоўжыць сваё вяшчаньне. Ніхто не пазбавіць яго дзяржаўнай падтрымкі».
Тэлеканал ATR прыватны, ён належыць крымскататарскаму бізнэсоўцу Лянуру Ісламаву. Пасьля анэксіі Крыму тэлеканал быў пераведзены на мацерыковую Ўкраіну і ад 2016 году атрымліваў фінансавую падтрымку зь дзяржаўнага бюджэту.
Сёлета ў студзені праз праблемы зь фінансаваньнем канал зьменшыў вытворчасьць уласных праграм, у тым ліку інфармацыйных. Быў скарочаны штат супрацоўнікаў і спыненая прамая трансьляцыя. У лютым рахункі, на якія пералічваліся кошты зь дзяржаўнага бюджэту, былі заблякаваныя. Генэральны дырэктар ATR Лянур Ісламаў заявіў, што канал апынуўся пад пагрозай закрыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна рыхтуе марскую блякаду акупаванага Крыму«Забойствы, крадзяжы, гвалтоўныя зьнікненьні»
Міжнародныя арганізацыі абвясьцілі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі. Заходнія краіны ўвялі шэраг эканамічных санкцый супраць Расеі. У сваю чаргу, Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе свае дзеяньні «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
Большасьць крымскіх татараў, якія былі прызнаныя карэнным народам Крыму ўжо пасьля анэксіі паўвострава, застаюцца прыхільнікамі ўкраінскай дзяржаўнасьці і дагэтуль супраціўляюцца расейскім уладам. Але дзейнасьць выканаўчага і прадстаўнічага органа татар — Мэджлісу — на тэрыторыі Крыму забароненая. Ягоныя кіраўнікі ажыцьцяўляюць дзейнасьць на тэрыторыі Ўкраіны.
У сваёй сёньняшняй заяве Мэджліс крымскататарскага народу заявіў, што ў Крыме адбываюцца «масавыя злачынствы супраць жыхароў паўвострава, у тым ліку — забойствы, выкраданьні, гвалтоўныя зьнікненьні, палітычна матываваныя перасьледы, запалохваньне, гвалт, арышты, катаваньні і прымусовае перасяленьне альбо дэпартацыя з Крыму».
Мэджліс падзякаваў крымскататарскаму народу і ўсім жыхарам паўвострава, якія «застаюцца верныя ўкраінскай дзяржаве», і запэўніў, што будзе працягваць барацьбу за вызваленьне Крыму.