Генэральны пракурор Украіны Руслан Рабашапка абверг сьцьвярджэньні аб нізкай якасьці падазрэньняў, выставленых супраць фігурантаў крымінальнай справы аб забойстве беларускага і ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета, але дадаў, што для перадачы справы ў суд патрабуюцца дадатковыя доказы, піша БелаПАН.
«Няма ніводнай маёй цытаты аб нізкай якасьці падазрэньняў у справе Шарамета. Вы маніпулюеце і кажаце няпраўду, — заявіў Рабашапка журналістцы, якая папрасіла яго растлумачыць быццам бы нізкую якасьць падазрэньняў. — Доказаў для таго, каб пачаць крымінальны перасьлед, было дастаткова на той момант... Падазрэньні прызнаныя судом абгрунтаванымі, і не адзін раз. Цяпер для таго, каб перадаць справу ў суд, — а гэта наступны этап — неабходна сабраць дадатковую колькасьць доказаў. І цяпер сьледзтва менавіта над гэтым працуе».
Выканаўчы дырэктар «Українськай правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху машыны ў цэнтры Кіева. Паводле кіраўніцтва МУС і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, цяпер асноўнай вэрсіяй матыву забойства зьяўляецца спроба дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове прайшла акцыя ў падтрымку абвінавачаных у забойстве Паўла Шарамета. ФотаПадазрэньне ў наўмысным забойстве Шарамета прад’яўлена 48-гадоваму сяржанту сіл спэцапэрацый Андрэю Антоненку, 40-гадовай Юліі Кузьменцы (валянтэрка, дзіцячы хірург, пазыўны Ліса) і 26-гадовай Яне Дугар (вайскоўка-кантрактніца, мэдсястра). Яны былі затрыманыя 12 сьнежня 2019 году. На думку сьледзтва, Антоненка разам зь нявызначанымі асобамі зрабіў выбуховае прыстасаваньне, Кузьменка прымацавала яго да дна аўтамабіля, на якім ехаў Шарамет, а Дугар вывучала мясцовасьць напярэдадні забойства.
3 лютага дасудовае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб забойстве Шарамета падоўжылі на тэрмін да чатырох месяцаў. 6 лютага прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што чакае ад МУС рэальнага выніку ў расьсьледаваньні справы Шарамета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падазраваны ў справе Шарамета падаў у суд на Зяленскага і кіраўнікоў сілавых органаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Са сьмерці вашага сына ствараюць шоў з нашым удзелам», — двое падазраваных у забойстве Шарамета напісалі да яго маці