Кітайскі вірус і прэзыдэнт Абомі. 5 літаратурных прадказаньняў, якія супалі з рэчаіснасьцю

У сеціве апошнімі днямі гуляе інфармацыя пра тое, што амэрыканскі пісьменьнік Дын Кунц (Dean Koontz), сусьветна вядомы аўтар бэстсэлераў у жанры жахаў, гадоў сорак таму прадказаў цяперашнюю эпідэмію каранавіруса ў Кітаі.

Карыстаючыся гэтай нагодай, прыгадаем некалькі кніг зь мінулага, якія паспрабавалі заглянуць у будучыню і, у нейкім сэнсе, «прадказалі» або «напрарочылі» тое, што ў гэтай будучыні насамрэч адбылося або зьявілася.

Пачнем якраз са згаданага Кунца.

Вірус кітайскі ці савецкі?

Дын Кунц «Вочы цемры» (Dean Koontz, «The Eyes of Darkness», 1981)

У рамане «Вочы цемры» маці спрабуе разабрацца ў таямніцы заяўленай гібелі сына, якога яна адмаўляецца лічыць загінулым. Яе пошукі прыводзяць да выяўленьня сакрэтных распрацовак сьмяротнай зброі.

У кнізе згадваецца вірус пад назвай «Ухань-400» — «найважнейшая і найбольш небясьпечная біялягічная зброя», якая была распрацаваная ў Кітаі, а дакладней — у дасьледчым цэнтры ў навакольлі гораду Ўхань.

Праблема аднак у тым, што згадка пра вірус «Ухань-400» зьявілася ў перавыданьні кнігі Кунца з 2008 году, а ў ранейшых выданьнях гэты вірус называўся «Горкі-400» і быў створаны ў савецкай лябараторыі ў горадзе Горкі (сёньня: Ніжні Ноўгарад). Пакуль што выдаўцы Кунца не пракамэнтавалі, чаму яны памянялі назву віруса і краіну яго паходжаньня.

Як зьвяртаюць увагу пільныя чытачы, паміж кніжным вірусам «Ухань-400» і сапраўдным COVID-19 ёсьць істотныя розьніцы. У рамане Кунца вірус «Ухань-400» — гэта біялягічная зброя, створаная чалавекам, тады як COVID-19 — разнавіднасьць сямейства каранавірусаў, якія маюць прыроднае паходжаньне. Вірус «Ухань-400» мае 100% сьмяротнасьці, тады як на сёньняшні дзень узровень сьмяротнасьці ад COVID-19 складае каля 2%. І па-трэцяе, прыдуманы Кунцам «Ухань-400/Горкі-400» мае надзвычай хуткі інкубацыйны пэрыяд — каля чатырох гадзін, у той час як рэальны COVID-19 мае інкубацыйны пэрыяд ад 2 да 14 дзён.

Мэйнстрымавыя геі, легальная марыхуана і прэзыдэнт Абомі

Джон Бранэр «Станьце на Занзібары» (John Brunner «Stand on Zanzibar», 1968)

Раман Джона Бранэра — навукова-фантастычная антыўтопія з цэнтральнай тэмай перанаселенасьці Зямлі — лічыцца найбольш прарочым раманам у брытанскай літаратуры. Калі раман пісаўся, лічылася, што ўсіх насельнікаў Зямлі можна было памясьціць на востраве Мэн, паставіўшы іх плячо да пляча. Падзеі ў рамане адбываюцца ў 2010 годзе, калі для гэтага патрэбны ўжо востраў Занзібар, які амаль у тры разы большы за Мэн. На гэта намякае загаловак кнігі.

Паводле футурыстычнай ацэнкі Бранэра, у 2010 годзе Зямлю засялялі 7,7 мільярда чалавек (гэта неблагая ацэнка, бо паводле сучасных ацэнак, тады на нашай плянэце жылі 6,9 мільярда чалавек).

Апрацоўка марыхуаны на афіцыйным прадпрыемстве ў Лас-Вэгасе, ЗША, 2018 год

А вось некалькі самых істотных прадказаньняў Бранэра з 1968 году, якія збыліся да 2010 году: найбольшая пагроза для ЗША зыходзіць ад тэрарызму; найважнейшым супернікам ЗША у глябальным маштабе стаў Кітай; эўрапейцы аб’ядналіся ў зьвяз дзяржаваў; дзесяцігодзьдзі «пазытыўнай дыскрымінацыі» (affirmative action) дазволілі чарнаскурым займаць уладныя пасады ў ЗША, хоць расавая напружанасьць у грамадзтве усё яшчэ засталася; гомасэксуальны і бісэксуальны лады жыцьця сталі мэйнстрымавымі; фармацэўтычныя прэпараты для паляпшэньня выніковасьці сэксуальнага жыцьця ўвайшлі ў шырокае карыстаньне; людзі сталі курыць менш тытуню, затое наступіла дэкрыміналізацыя марыхуаны.

Неверагодна, праўда?

І да таго ж, у кнізе Бранэра «Stand on Zanzibar» выступае чарнаскуры прэзыдэнт Абомі (Obomi). Праўда, ён кіруе не Амэрыкай, а прыдуманай афрыканскай краінай Бэнініяй.

Кібэрпрастора (матрыца) і хакеры

Уільям Гібсан «Нэўрамант» (William Gibson, «Neuromancer», 1984)

«Нэўрамант» (у апублікаваным беларускім перакладзе твор называецца «Нэўрамантык») — адзін з найбольш вядомых раманаў у жанры навуковай фантастыкі, які ў дадатак лічыцца «архетыпным творам кібэрпанку». З раманам навечна зьнітаваны тэрмін «кібэрпрастора» (cyberspace), які Гібсан прыдумаў і ўпершыню выкарыстаў у аповесьці, апублікаванай за два гады да выхаду «Нэўраманта». У рамане слэнгавым сынонімам кібэрпрасторы выступае таксама слова «матрыца». «Кібэрпрастора» сёньня ўжываецца фактычна як поўны сынонім слова World Wide Web — то бок сынонім сыстэмы гіпэртэкставых дакумэнтаў, даступных праз інтэрнэт.

Карціна кібэрпрасторы ў кнізе Гібсана настолькі цэльная і ўражальная, што яна кардынальным чынам паўплывала на сучасную масавую культуру і масавае ўяўленьне пра інтэрнэт, хакерства і кантроль над патокамі інфармацыі. Дастаткова прыгадаць трылёгію «The Matrix», каб зразумець абсяг і ўплыў візіі Гібсана. Некаторыя ідуць далей і сьцьвярджаюць, што «Нэўрамант» пасьля свайго выхаду насамрэч паўплываў на кірунак далейшага разьвіцьця інтэрнэту.

Электронныя кнігі

Станіслаў Лем «Вяртаньне з зорак» (Stanisław Lem «Powrót z gwiazd», 1961)

Ідэя электроннай кнігі, хутчэй за ўсё, упершыню зьявілася ў рамане «Вяртаньне з зорак» выдатнага польскага пісьменьніка-фантаста Станіслава Лема. Раман распавядае пра вяртаньне астранаўта на Зямлю з касьмічнай экспэдыцыі пасьля амаль 130 гадоў адсутнасьці (дзякуючы рэлятывісцкаму запаволеньню часу, экспэдыцыя для астранаўта ў касьмічным апараце трывала 10 гадоў).

Вось як Лем апісвае кнігарню, якую застаў герой раману:

«Кнігарня нагадвала хутчэй электронную лябараторыю. Кнігамі былі крышталікі з зафіксаваным зьместам. Чыталі іх пры дапамозе прылады, якую называлі оптанам. Яна была нават падобная да кнігі, але мела толькі адну старонку між вокладкамі. Калі вы дакраналіся да старонкі, на ёй зьяўляліся чарговыя порцыі тэксту».

Ну чым не чыталка Kindle?

Спадарожнікі сувязі

Артур Кларк, артыкул «Extraterrestial Relays» у часопісе Wireless World (1945).

У 1945 годзе нікому не вядомы паручнік брытанскай арміі Артур Кларк прапанаваў ідэю спадарожніка сувязі, які знаходзіўся б увесь час над адным і тым самым пунктам Зямлі і мог прымаць і высылаць радыёсыгналы па ўсёй плянэце. Паводле многіх крыніцаў, ідэя тады не ўспрымалася сур’ёзна, бо ніхто ня ведаў, як памясьціць спадарожнік на такую стацыянарную арбіту.

Праз 20 гадоў, у 1965 годзе, на геастацыянарную арбіту (якую сталі называць таксама «арбітай Кларка» пасьля таго, як Артур Кларк стаў сусьветна вядомым пісьменьнікам-фантастам) быў запушчаны першы спадарожнік сувязі, і сёньня на гэтай арбіце знаходзіцца больш за 300 спадарожнікаў.