Тацяна Матафонава аднавіла папулярную сэрыю «Дзіцячы альбом». АЎДЫЁ 

«Дзіцячы альбом», частка трэцяя

10 гадоў таму праект «Дзіцячы альбом» запачаткавалі музыка, адзін з заснавальнікаў гурту «Камэлот» Зьміцер Сідаровіч і сьпявачка Тацяна Матафонава-Грыневіч. Тацяна стала ўкладальніцай трэцяга дыску ў сэрыі, які выйшаў у лютым 2020 году ў Менску.

Зьміцер Сідаровіч

У 2010 годзе выйшаў дыск «Дзіцячы альбом. Частка першая», у якім былі прадстаўленыя 27 беларускіх народных песень для дзяцей у арыгінальных апрацоўках. Асноўнымі выканаўцамі дзіцячых песень сталі самі дзеці: Тамаш Сідаровіч і Адась Матафонаў. Дыск стаў папулярным сярод бацькоў, выхавальнікаў дзіцячых садкоў і кіраўнікоў мастацкіх калектываў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тын-тын ды Ту-лю-лю

У другой частцы «Дзіцячага альбому», якая выйшла ў 2011 годзе, былі прадстаўленыя ня толькі фальклёрныя песьні, але і аўтарскія — словы і музыку да іх напісаў Зьміцер Сідаровіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Сідаровіч выпускае другую частку «Дзіцячага альбому»

Пасьля таго, як у 2014-м Зьмітра Сідаровіча ня стала, быў доўгі перапынак у праекце.

У лютым 2020 году выйшаў трэці дыск сэрыі «Дзіцячы альбом», укладальніцай якога стала Тацяна Матафонава-Грыневіч. Аранжыроўкай трох дзясяткаў беларускіх народных дзіцячых песень для яго займаўся Адась Матафонаў, выканаўцамі выступілі ягоныя браты Раман і Ян, а таксама Зося Вазякова, Ігар Жалткоў і ўзорны ансамбаль «Калыханка» пад кіраўнцтвам Ларысы Рыжковай.

Your browser doesn’t support HTML5

«Дзіцячы альбом, частка 3» — Куратачка


«Спачатку „Дзіцячы альбом“ рабілі найперш для нашых дзяцей: знаходзілі матэрыял, хлопцы сьпявалі, мы аранжыроўвалі, укладалі, — расказвае Свабодзе Тацяна Матафонава-Грыневіч. — На вялікі жаль, Зьмітра ўжо няма, нашы дзеці вырасьлі. Цяпер Адась мае сваю студыю, мы падумалі аднавіць справу. Я дала яму тэксты, ён запісаў піяніна, гітары, барабаны, зрабіў арынжыроўку. Незадоўга да таго пазнаёмілася з удзельнікамі ансамбля „Калыханка“ зь Міханавічаў, прапанавала ім далучыцца. Атрымаўся гэткі мікст: з аднаго боку, чыста народнае выкананьне, а з другога — аж з элемэнтамі року».

Тацяна Грыневіч-Матафонава

Дыск мультымэдыйны, акрамя сьпеваў, на ім запісана сем народных дзіцячых гульняў з рэпэртуару ансамбля «Калыханка». Традыцыйна ў дадатку зьмешчаныя тэксты песень.

Your browser doesn’t support HTML5

«Дзіцячы альбом, частка 3» — Заінька шэранькі

«У ідэале хацелася б бачыць гэты дыск як дапаможнік для выкладчыкаў у садочках, настаўнікаў у школах, — кажа Тацяна Матафонава-Грыневіч. — Ну і, натуральна, для беларускамоўных сем’яў, каб спачатку вучылі бацькі, а потым далучалі дзяцей. Бо маюцца і так званыя мінусоўкі — аранжыроўкі бяз голасу. А значыць, з музычным суправаджэньнем можна прасьпяваць самастойна. Паколькі ад выхаду першай часткі альбома мінула 10 гадоў, Адась ужо дарослы, запісалі ягоных малодшых брацікаў Рому і Яна. Па тэмбры галасы вельмі падобныя, таму атрымаўся ўдалы працяг».

Дзіцячы альбом: песьні і выканаўцы

У плянах Тацяны Матафонавай-Грыневіч выпусьціць асобны зборнік беларускіх калыханак. Яна сьцьвярджае, матэрыялу для яго дастаткова.

Your browser doesn’t support HTML5

«Дзіцячы альбом, частка 3» — А я грэчку не палола