Гомельскія ўлады хочуць паставіць мачту для сьцяга за 1,5 мільёна рублёў 

Гомель

Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму абвесьціла тэндэр на выбар падрадчыка будаўніцтва мачты для дзяржаўнага сьцяга​ каля драматычнага тэатру на плошчы Леніна.

На работы плянуецца выдаткаваць 1 млн 459 тыс 797 рублёў.

Як паведамляе БелаПАН, тронец будзе вышынёй 60 мэтраў, усяго на 10 мэтраў ніжэйшы, чым у Менску. Памер адпаведнага палотнішча складзе 12 на 6 мэтраў.

Грамадзянскія актывісты — гісторыкі, краязнаўцы, інжынэры — абураныя ініцыятывай уладаў і рыхтуюць звароты ў гарвыканкам, Камітэт дзяржкантролю і іншыя дзяржаўныя органы, каб праверыць законнасьць будаўніцтва.

«Будаўніцтва каля драмтэатру забаронена заканадаўствам, паколькі тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасьці — палацава-паркавага ансамбля. Пляцоўку ўжо абнесьлі агароджай, там вядуцца падрыхтоўчыя работы, але няма пашпарту аб’екту, што выклікае шэраг пытаньняў», — сказала гісторык Марыя Булавінская.

Яна заўважыла, што будаўніцтва аб’ектаў, не прадугледжаных генэральным плянам, павінна праходзіць праз грамадзкае абмеркаваньне. Аднак інфармацыі пра гэты праект не было.

Гомельская прыбіральня за 1 мільён даляраў

Актывісты маюць намер ініцыяваць стварэньне пэтыцыі адносна мэтазгоднасьці выдаткоўваньня бюджэтных грошай на падобныя аб'екты. У якасьці іншага прыкладу яны згадваюць найдаражэйшую ў Беларусі прыбіральню, якую адкрылі ў Гомлі ў кастрычніку 2019 году. Яе кошт, згодна з тэндэрам, склаў каля 1 мільёна даляраў.

Кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы Smart Homel Яўген Меркіс падкрэсьліў, што на плошчы Леніна ўжо ёсьць тры тронцы для сьцягоў. Чарговая выкліча дысбалянс у эстэтычным выглядзе плошчы.

Днямі Яўген Меркіс дазваніўся на тэлефонную лінію аблвыканкаму і задаў пытаньні з нагоды законнасці будаўніцтва мачты кіраўніцы справамі Алене Клічкоўскай.

«Па сутнасьці на мае пытаньні з нагоды ахоўнай зоны, генпляну, грамадзкіх слуханьняў яна не адказала. Толькі зазначыла, што вялікі дзяржаўны сьцяг будзе выклікаць у нас пачуцьцё патрыятызму, а тры ранейшыя мачты несучасныя», — дадаў ён.

Як адрэагавала грамадзкасьць

Раніцай 25 лютага была апублікаваная пэтыцыя супраць мачты, за чатыры гадзіны яна набрала дзевяць соцень подпісаў.

«Мы, актыўныя і неабыякавыя жыхары і госьці Гомля, лічым гэтую ідэю памылковай і шкоднай для разьвіцьця гораду», — выказаліся стваральнікі пэтыцыі.

Іхныя аргумэнты:

  • улады не правялі ані грамадзкіх слуханьняў, ані прэзэнтацыі праекту наконт мэтазгоднасьці разьмяшчэньня новай мачты;
  • першы тэндэр пошуку падраднай арганізацыі быў адменены. Інфармацыі аб тым, што флягшток ўсё ж зьявіцца, не было да таго моманту, калі на месцы ўжо зьявілася будаўнічая тэхніка;
  • кіраўніцтва гораду павінна ўлічваць думку гараджан да прыняцьця таго ці іншага рашэньня аб збудаваньні такіх вялікіх і знакавых аб'ектаў, якія зьмяняюць аблічча гораду;
  • неабгрунтаванасьць такіх фінансавых выдаткаў ва ўмовах крызісу (паводле тэндэру, кошт мачты – каля 1,5 мільёна рублёў)
  • у Гомлі існуе вялікая колькасьць сапраўды неабходных сацыяльных аб'ектаў (недабудаваныя школы, лякарні, транспартныя магістралі, рамонт вуліц і іншыя праблемы), якія сапраўды маюць патрэбу ў фінансаваньні;
  • на плошчы Леніна ўжо ёсьць тры флягштокі;
  • маюцца прыкметы парушэньня заканадаўства аб ахоўных зонах гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Палацава-паркавы ансамбаль».

«Узровень патрыятызму сярод нас не павялічыцца з вышынёй разьмяшчэньня дзяржаўнага сьцягу»

Аўтары пэтыцыі пішуць, што будаўніцтва мачты пры такіх абставінах у год прэзыдэнцкіх выбараў ніякім чынам не ўмацуе аўтарытэту ўлады і давер да яе, а выкліча адваротны эфэкт. Яны нагадваюць, што летась у горадзе былі збудаваныя дзьве «залатыя прыбіральні» коштам сама меней мільён даляраў.

«Узровень патрыятызму сярод нас не павялічваецца толькі з вышынёй разьмяшчэньня дзяржаўнага сьцяга», — запэўніваюць актывісты.

Яны просяць улады адмовіцца ад гэтай ідэі.