Ізраіль нанес удары па сэктары Газы і па Дамаску

Атака на сэктар Газы 23 лютага 2020 году

Ізраільская авіяцыя атакавала аб’екты ў сэктары Газы і на поўдні Дамаску. Пра гэта паведамляе Армія абароны Ізраіля. Паводле вайскоўцаў, удары наносіліся па пазыцыях тэрарыстычнай групоўкі «Ісламскі джыхад», дзе вырабляліся ракеты для удараў па Ізраілі.

Палестынскі бок паведамляе пра чацьвярых параненых у сэктары Газы. Паводле дадзеных сырыйскага цэнтру маніторынгу парушэньняў правоў чалавека, пры абстрэле Дамаску загінулі шасьцёра чалавек, двое з якіх чальцы «Ісламскага джыхаду».

Ізраільцяне сьцьвярджаюць, што іх атака была адказам на абстрэл з боку ісламістаў 23 лютага.

Сытуацыя на Блізкім Усходзе чарговы раз абвастрылася пасьля таго, як ізраільскія вайскоўцы забілі палестынца. Паводле Ізраілю, ён закладваў бомбу ля мяжы. Цела забітага ня сталі выдаваць сваякам і перавезьлі бульдозэрам на ізраільскую тэрыторыю. Радыкальны рух ХАМАС у адказ абвінаваціў Ізраіль у жорсткім абыходжаньні зь целам забітага.

У канцы мінулага году міністар абароны Ізраілю даручыў спыніць выдачу свайкам целаў забітых паўналетніх палестынцаў, падазраваных у тэрактах. Прычынай стала забойства ў Газе ў 2014 годзе двух ізраільскіх салдат, целы якіх да гэтага часу не перадалі Ізраілю.