Талісманам чэмпіянату сьвету ў хакеі, які пройдзе ў Беларусі і Латвіі 7–23 траўня 2021 году, стаў вожык Спайкі.
Як расказвае Беларуская фэдэрацыя хакею, у конкурсе на стварэньне талісмана ўдзельнічала больш як сотня работ.
У журы, якое выбрала зь іх Спайкі, увайшлі як спартоўцы (былы хакеіст і дзейны трэнэр менскага ХК «Дынама» Міхаіл Грабоўскі, біятляністка Дар’я Домрачава і іншыя), так і бізнэсоўцы, чыноўнікі і музыкі (як то вакаліст «Би-2» Шура ці гітарыст Brainstorm Яніс Юбалтс).
Галасаваньне праводзілі таксама сярод аматараў хакею: у Беларусі на старонцы Фэдэрацыі «ЎКантакце», у Латвіі ў рыскім гандлёвым цэнтры.
Прыз глядацкіх сымпатыяў дастаўся аўтарам Хрушча Майса — у беларускім галасаваньні ён атрымаў найбольш балаў.
Сярод латышоў, якіх апытвалі ў гандлёвым цэнтры, самым папулярным быў Вожык, але не такі, які стаў талісманам у выніку. Па выніках галасаваньня журы першае месца заняў Янот Гуляка, а вожык другое. Ды янот перамагаў зь невялікім адрывам, таму журы вырашыла ўзяць ідэю вожыка і папрасіць аўтараў янота (крэатыўную агенцыю DAB) дапрацаваць маскот — зрабіць вожыка ў стылі іхнага янота.
Легенду маскоту склалі такую:
Вожык — адна з самых распаўсюджаных жывёлаў у сьвеце. Акрамя таго, ён вельмі разумны і кемлівы, а хуткасьці яго рэакцыі можа пазайздросьціць кожны. І хай з выгляду герой зусім невялікі, заўсёды ваюе да пераможнага канца, пускаючы ў ход ня толькі іголкі, але і вострыя зубкі. Менавіта гэтым і славяцца хакейныя зборныя Беларусі і Латвіі: сваёй няўступлівасьцю, гатоўнасьцю біцца за перамогу да фінальнай сырэны.
У 2014 годзе талісманам Чэмпіянату сьвету ў хакеі, што праходзіў у Беларусі, быў Зубр Волат. У народзе ён атрымаў мянушку «Валера». Вожыкі яшчэ не былі маскотамі хакейных (як і футбольных) чэмпіянатаў сьвету і нават Эўропы. Але Вожык Герой быў маскотам Чэмпіянату сьвету ў лёгкай атлетыцы 2017 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусь можна будзе прыехаць бязь візы