Падозраньне на каранавірус у грамадзянкі Кітаю, якую зьнялі зь цягніка «Кіеў-Масква» на мяжы з Расеяй, не пацьвердзілася. Вагон, які адчапілі ад цягніка і ізалявалі на некалькі дзён, вярнулі ў Кіеў, папярэдне дэзынфікаваўшы.
21 лютага ў цягніку Кіеў-Масква падчас мытнага і памежнага кантролю на чыгуначнай станцыі Суземка (РФ) была выяўленая грамадзянка Кітаю з сымптомамі рэсьпіраторнага захворваньня. Яе тэрмінова шпіталізавалі ў Бранску, усіх астатніх пасажыраў, якія былі зь ёй у вагоне, ізалявалі, вагон адчапілі ад цягніка. У вагоне быў 21 пасажыр, паведаміла дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.
Напярэдадні кітаянка прыбыла ва Ўкраіну самалётам зь Менску, падчас кантролю на мяжы стан яе здароўя трывогі ня выклікаў. Аднак пазьней, па дарозе з Кіева ў Маскву ў яе павысілася тэмпэратура, яна пачала чхаць у цягніку, выклікаўшы пярэпалах у пасажыраў і памежнікаў. Вагон адчапілі, пасажыраў накіравалі на абсэрвацыю. У выніку высьветлілася, што ў кітаянкі каранавірусу няма, астатнія пасажыры здаровыя. Вагон вярнулі ва Ўкраіну, кітаянка застаецца ў шпіталі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ