Менскую тэставальніцу Вольгу Малкіну аштрафавалі на 270 рублёў за публічную абразу дзяржаўнай мовы.
Пра гэта напісаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран у адказ на зварот юрыста Ігара Случака.
Што адбылося?
Летась у сьнежні тэсьціроўшчыца Малкіна ў фэйсбуку напісала пра беларускую мову наступнае:
«Я ведаю 4 [мовы], акрамя моў праграмаваньня. Натуральна брыдкую белмову і не разглядала для вывучэньня. Наўмысна. Сваю бы*ламову самі вучыце».
Каб прыцягнуць да адказнасьці Малкіну, у Менгарвыканкам напісалі Ігар Случак, Глеб Сандрас і яшчэ каля трох чалавек.
Дзяўчына тлумачыла «Нашай ніве» сваё нежаданьне вучыць беларускую сваёй псыхасаматыкай і тым, што беларуская мова ёй непрыемная і адштурхоўваючая. Малкіна казала, што заяву супраць яе ў міліцыі ня прымуць, бо ня маюць доказаў.
У сьнежні Малкіна спыніла працу ў EPAM, дзе працавала да канфлікту. У кампаніі адзначалі, што могуць ржагаваць на сытуацыю, калі паводзіны супрацоўніка «ідуць насуперак карпаратыўнай культуры», абражаюць іншых ці парушаюць заканадаўства.
У 2018 годзе амэрыканская кампанія Juno абяцала разабрацца зь беларускім праграмістам Андрэем Кірыленкам, які жадаў тэракту на «Сьвяце Незалежнасьці». Праграміст сышоў з кампаніі летам 2018 году, новыя месцы працы не пазначаў у сацсетках.