Аляксандар Лукашэнка мяркуе, што пры цяперашніх умовах на ўсясьветным рынку энэрганосьбітаў расейскі газ для Беларусі павінен каштаваць каля 90 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.
Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Расеі Ўладзімерам Сямашкам, перадае БелТА.
«Сёньня ў Эўропе прыродны газ каштуе менш за 110 даляраў. Дык гэта там, на біржах. Значыць, у нас ён да 90 павінен быць, калі браць усясьветную цану. Так, ёсьць працяглыя, яшчэ нейкія кантракты. Але ж доўгатэрміновыя кантракты заўсёды прывязваюцца да цаны на нафту. І калі адбылося падзеньне цаны на нафту, значыць, і на прыродны газ. Таму 127 даляраў — ужо ў сьвеце такой цаны няма», — перакананы Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея падпісалі дамову аб пастаўках газу, кантрактаў па нафце нямаПаводле Лукашэнкі, беларуская пазыцыя па цэнах на нафту і газ «абсалютна праясьнілася», і менавіта ў гэтым кірунку трэба працаваць, сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Сямашкі.
Цана расейскага газу для Беларусі ў 2020 годзе вызначаная ў памеры 127 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў як базавы варыянт. Гэта адзначаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Дзьмітры Круты, камэнтуючы вынікі перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі 7 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газ = 127 − 18 ці газ = 127 + 19? У Лукашэнкі і дачкі «Газпраму» не сышліся лічбыШто да цаны на расейскую нафту і аб’ёмы яе паставак у Беларусь, кантрактаў з расейскімі нафтавымі кампаніямі няма дагэтуль, пастаўкі на кароткатэрміновай аснове ажыцьцяўляюць толькі кампаніі, зьвязаныя зь бізнэсоўцам Міхаілам Гуцэрыевым.