Асудзілі вяскоўца, які «выхоўваў» 7-гадовую дачку папругай і кулаком

Падчас судовага працэсу

У Рэчыцы асудзілі да «хатняй хіміі» 38-гадовага Васіля. Ён «выхоўваў» сваю дачку Сафію сілавымі мэтадамі — лупцаваў яе папругай, дубцом, біў кулаком у твар.

Суд пакараў яго абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу (хатняй «хіміяй») на 2 гады. Суд таксама пастанавіў вярнуць абвінавачанаму папругу (рэчавы доказ), якой ёй зьбіваў дзіця.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Міліцыя распачала крымінальную справу па артыкуле 154 Крымінальнага кодэксу (катаваньне).

У верасьні 7-гадовая Сафія пайшла ў першую клясу. 13 верасьня яна прынесла дахаты кнігі, якія ўзяла ў школе без дазволу настаўніцы. Пэдагог патэлефанавала маці Сафіі. Тая папрасіла мужа пагутарыць з дачкой. Васіль схапіўся за папругу, потым — за дубец.

Па ягоных словах, так ён праводзіў «выхаваўчы працэс».

«Я біў не на ўсю моц»

Прадстаўніца пракуратуры Кацярына Кашыцкая спытала на судзе ў падсуднага, як ён разумее выхаваўчы працэс.

«Што трэба тлумачыць дзіцяці: што добра рабіць, а што не. Я спытаўся ў Сафіі, чаму яна прынесла кнігі дахаты. Яна маўчала. Я перапытаў некалькі разоў. Яна маўчала. Я ўзяў папругу і стукнуў яе па ягадзіцах. Яна заплакала. Прасіла, каб ня біў. Я перастаў біць і паставіў яе ў кут. Потым зноў спытаўся, чаму яна ўзяла без дазволу кнігі. Яна маўчала. Я расцаніў гэта як непавагу да мяне. Потым я трымаў яе за руку і біў дубцом, яна выкручвалася, моцна плакала», — адказаў Васіль.

«І ў чым тут выхаваўчы працэс? Вы ж нічога не тлумачылі?» — спыталася прадстаўніца пракуратуры. «Я казаў, што нельга так рабіць — браць кнігі без дазволу. Потым жонка крычала на мяне. Я яшчэ стукнуў кулаком Сафіі ў твар. Я біў не на ўсю сілу. Потым прасіў прабачэньня ў дачкі і жонкі. Дачка мяне прабачыла. Яна любіць мяне», — сказаў падсудны.

Адвакат: «І мяне ў дзяцінстве білі»

Абаронца абвінавачанага, адвакат Ігар Важдаеў спытаўся ў Васіля, ці білі яго ў дзяцінстве.

«Білі», — пацьвердзіў абвінавачаны. «І мяне білі. Каб мяне ня білі, то я б цяпер у судзе быў у іншай якасьці», — заўважыў адвакат.

На пытаньне адваката: «Як вы лічыце, ці добры вы тата?» — Васіль адказаў станоўча.

Маці дзяўчынкі папрасіла прабачыць мужа

Жонка Васіля, яна ж — законная прадстаўніца пацярпелай адмовілася даваць паказаньні на судзе. У судовых спрэчках яна прасіла прабачыць мужу.

Абвінавачаньне: Ён не раскаяўся

Прадстаўніца пракуратуры ў судовых спрэчках казала, што абвінавачаны не раскаяўся ў злачынстве.

«Ён сказаў, што лічыць сябе добрым татам. Казаў, што біў не на ўсю моц. Я думаю, што ён лічыць такое «выхаваньне» — гвалтам — як норму. Псыхолягі, якія працавалі з Сафіяй, прыйшлі да высновы, што яна баіцца сваіх бацькоў. Думаю, што тата грае ролю карнага органа ў сям'і», — выказалася Кацярына Кашыцкая.

Яна прапанавала пакараць абвінавачанага так, каб «гэтае пакараньне ён запомніў на ўсё жыцьцё» — абмежаваньнем волі (хатняй «хіміяй») на 3 гады.

Між тым прадстаўніца пракуратуры лічыць, што ня варта пазбаўляць абвінавачанага волі, бо ён адзіны, хто зарабляе ў сям'і, забясьпечвае сваіх дзяцей.

Адвакат у судовых спрэчках казаў: «няма падстаў лічыць, што абвінавачаны — дэспат» і што ён «будуе выхаваньне толькі на палцы і няма ніякага перніка».

«Хатні гвалт трэба адрозьніваць. Адно — што тата прыйдзе п’яны, не ў гуморы і будзе біць жонку і дзяцей. А можа быць проста перавышэньне выхаваўчых мер», — казаў адвакат.

Ён разважаў: можна дапускаць фізычныя пакараньні да дзяцей ці не?

«Кропка ў гэтым пытаньні не пастаўлена. У Швэцыі ці Брытаніі ў школах яны забаронены. У Сінгапуры і Інданэзіі — не. У народзе кажуць, што трэба біць дзіця, пакуль ляжыць папярок лаўкі, бо калі будзе ляжаць уздоўж — будзе позна. Чыста па-чалавечы гэта яго (абвінавачанага. — РС) дзіця, і ён адказвае за яе выхаваньне», — казаў адвакат.

Абвінавачаны ў апошнім слове сказаў, што раскайваецца і «больш так ня будзе».


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.