Настаўнікі зь Літвы, інтэрнат, незвычайныя сьвяты... Свабода зьезьдзіла ў Рымдзюны, дзе ў «літоўскай» школе вучацца 63 дзіцяці. Нядаўна яе наведалі міністры замежных спраў Літвы і Беларусі Лінкас Лінкявічус і Ўладзімер Макей.
У Беларусі ёсьць дзьве школы зь літоўскай мовай навучаньня — у Пелясе́ Воранаўскага раёну і ў Рымдзю́нах Астравецкага.
Фундатар школы ў Пелясе — Міністэрства адукацыі, асьветы і спорту Літвы.
А літоўская школа ў Рымдзюнах фінансуецца зь беларускага бюджэту.
Праўда, урад Літвы таксама дапамагае Рымдзюнскай школе: падаравалі аўтобус «Мэрсэдэс», кампутарную клясу, пляншэты, інтэрактыўныя дошкі, кожны год абнаўляюцца падручнікі, дзяцей на сьвяты запрашаюць у літоўскую амбасаду ў Менск, яны ўдзельнічаюць і перамагаюць ў алімпіядах, конкурсах у Літве.
Усе першаклясьнікі ўмеюць размаўляць па-літоўску
Цяпер у Рымдзюнах жыве крыху больш за 200 чалавек. Пад адным дахам дзьве школы — літоўская і беларуская. Літоўская працуе з 1996 году.
«Бальшыня мясцовых жыхароў мае літоўскія карані. Расейскай мовы ў семʼях тут ніколі не было, толькі літоўская. У гэтай мясцовасьці захаваўся спэцыфічны мясцовы дыялект, які ў Літве называюць „дзуку“», — расказвае дырэктарка школы зь літоўскай мовай навучаньня Сьвятлана Лукшэне.
Сёлета ў першую клясу літоўскай школы прыйшлі сямёра дзяцей, беларускай — трое. Усяго ў літоўскай школе вучыцца 63 дзіцяці.
«Ёсьць дзеці зь семʼяў, дзе бацькі абое літоўцы, ёсьць зь мяшаных, — працягвае дырэктарка. — У Рымдзюнах працуе дзіцячы садок зь літоўскай мовай, пасьля яго дзеці ідуць да нас. Але ёсьць дзеці з суседніх вёсак, а таксама з Ашмянскага, Смаргонскага раёнаў. Літаральна ўсе першаклясьнікі размаўляюць па-літоўску. Хтосьці лепей ведае літоўскую, хтосьці беларускую, але дзеці выраўноўваюцца ў 2-й клясе».
Яна кажа, што дзеці ў школе гавораць і вучацца на літаратурнай літоўскай мове.
«Але мы, тутэйшыя, хацелі б, каб дзуцкі дыялект жыў», — кажа Сьвятлана Лукшэне.
Сама дырэктарка Лукшэне мясцовая. Скончыла суседнюю гервяцкую беларускую школу, літоўскую мову вывучала на факультатыве. Паступіла ў Віленскі ўнівэрсытэт, адвучылася і вярнулася на радзіму. У школе выкладае інфарматыку. Дасканала валодае літоўскай — два тыдні таму яна перакладала афіцыйную сустрэчу міністраў замежных спраў Лінаса Лінкявічуса і Ўладзімера Макея.
У Сьвятланы чацьвёра дзяцей — тры дачкі і сын. Старэйшая дачка вучыцца ў Віленскім тэхнічным унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «кіраваньне інфармацыйнымі сыстэмамі». Дзьве сярэднія дзяўчынкі вучацца ў рымдзюнскай школе, малодшы сын — дашкольнік.
Каб працаваць у Беларусі, літоўскія настаўнікі праходзяць адмысловы конкурс
Каля школы мы заўважылі сама меней тры аўтамабілі зь літоўскімі нумарамі. У школе працуюць 22 настаўнікі: 10 зь Літвы, 12 мясцовых, бальшыня атрымала адукацыю ў Літве. Пэдагогаў называюць па-літоўску «mokytojas» — настаўнік (без імя па бацьку).
Настаўнікі зь Літвы трапляюць на працу ў школу толькі праз адмысловы конкурс, які ладзіць Міністэрства адукацыі, асьветы і спорту Літвы. На паседжаньні камісіі, якая робіць адбор, абавязкова прысутнічае і дырэктарка школы зь Беларусі.
Асноўныя прадметы выкладаюцца па-літоўску, акрамя беларускай, расейскай і ангельскай моў, гісторыі і геаграфіі Беларусі.
«Літоўскія настаўнікі выкладаюць біялёгію, хімію, матэматыку, фізыку, гісторыю, геаграфію, фізкультуру, літоўскую мову і літаратуру. Яны, акрамя акладу, атрымліваюць яшчэ і камандзіровачныя ад літоўскага ўраду.
Настаўнікі жывуць у інтэрнаце, на выходныя зьяжджаюць у Літву», — расказвае дырэктарка.
«Я ўжо лічу сябе тутэйшай»
Нягледзячы на беларускае прозьвішча, настаўніца першай клясы Галіна Андрушкевіч родам зь Літвы. Аднак цяпер яе гадаванцаў у школе няма — у іх дадатковыя вакацыі. У Рымдзюнах яна працуе ўжо 6 гадоў.
«Пачатковыя клясы — гэта вялікая адказнасьць. Кожнае дзіця — асоба і індывідуальнасьць. Мая мэта — выхаваць з гэтай асобы грамадзяніна. Мой прынцып — „Няма дрэнных вучняў, ёсьць дрэнныя настаўнікі“. Мне тут вельмі цікава і прыемна тут працаваць: і школа прыгожая, і мясцовасьць цудоўная, і людзі прыемныя. Па-беларуску я разумею, чытаю газэты, але гаварыць пакуль складана. Я ўжо лічу сябе тутэйшай, калі мяне прынялі так цёпла тут», — кажа спадарыня Галіна.
У Рымдзюнскай школе яна стварыла музэйны пакой з унікальнымі экспанатамі: прыладамі для выпечкі хлеба, ткацкімі станкамі, куфрамі, ручнікамі, музычнымі інструмэнтамі.
Ёсьць тут ўнікальныя экспанаты, якімі зацікавіўся Горадзенскі абласны краязнаўчы музэй — пашпарты мясцовых жыхароў самага пачатку ХХ стагодзьдзя: з адбіткамі пальцаў, фотаздымкам ва ўвесь рост басанож.
Сільвія Руплене выкладае хімію і біялёгію, працуе ў Рымдзюнах 8 гадоў. Кажа, што беларускія і літоўскія праграмы па хіміі падобныя.
«Але біялёгія моцна адрозьніваецца: у Літве яна вывучаецца па сыстэмах органаў, а ў Беларусі па прадметах — батаніка, заалёгія. Цяжкавата, але ў мяне свая сыстэма — карыстаюся і беларускімі, і літоўскімі падручнікамі. Перакладаю тэрміны, паняцьці — каб усім было зразумела», — расказвае Сільвія.
Дзеці вывучаюць чатыры мовы
Пытаемся ў школьнікаў, якая мова больш складаная.
«Літоўская мова цяжэйшая, чым беларуская. Настаўнік увесь час шукае „носіню“ — насавыя зычныя. А ў беларускай як чуеш, так і пішаш», — прызнаецца дзяўчынка.
Літоўская — асноўная мова ў школе. Вывучаюць таксама беларускую і расейскую. Замежная мова — ангельская.
Дзеці вучацца па беларускіх падручніках (у асноўным на расейскай мове), але настаўнікі тлумачаць матэрыял па-літоўску. Міністэрства адукацыі асьветы і спорту Літвы дае свае падручнікі. Настаўнікі звычайна выкарыстоўваюць абодва падручнікі, супастаўляючы тэмы і зь літоўскіх праграм, і зь беларускіх.
«50 на 50 выпускнікі паступаюць у Літву і Беларусь. Летась было 4 выпускнікі, двое паступілі ў Літву — хлопец на прыкладную інфарматыку, дзяўчына — у мэдунівэрсытэт. І двое — у беларускія ВНУ», — кажа дырэктарка.
У ВНУ Літвы на бюджэт могуць паступаць усе абітурыенты, якія вучацца ў літоўскіх школах за мяжой. Але ў Літве трэба прыраўняць свой атэстат да літоўскага.
«Тады яны могуць удзельнічаць у конкурсе на бюджэт. У нас быццам бы і аднолькавыя 10-бальныя сыстэмы, але якасна яны адрозьніваюцца. Працэнт паступленьня вельмі высокі. Радуе, што больш за 60% нашых выпускнікоў вяртаецца і зь беларускіх ВНУ, і з замежных на тэрыторыю раёну», — з гонарам кажа дырэктарка школы Сьвятлана Лукшэне.
«Дзеці ў Рымдзюнскай школе атрымліваюць тое, чаго ня могуць атрымаць у сваёй вёсцы»
Усе сьвяты мы ладзім разам зь мясцовымі жыхарамі, — працягвае дырэктарка. — 19 лютага ў нас «Стадзёнка» — такога сьвята няма ў Беларусі, але яно адзначаецца ў Літве і Польшчы. Гэта разьвітаньне зь дзяцінствам, 100 дзён да выпускных экзамэнаў.
25 лютага — Ужгавенес (Загавеньне, Масьленіца), будзем «праганяць» зіму, якая так і не прыйшла. А вясковыя жанчыны — пячы бліны і частаваць дзетак.
Праз тыдзень пасьля Ужгавенес — вясновае сьвята Казюкас з традыцыйным кірмашом. У красавіку — Вялікас (Вялікдзень). У траўні — Тройца, гэта сапраўдная сымфонія Гервяцкага краю.
Пры школе ёсьць інтэрнат для дзяцей, якія жывуць на адлегласьці, большай за 3 кілямэтры ад школы. Яны могуць застацца ў Рымдзюнах і жыць тут цягам тыдня, а на выходныя вяртацца дамоў. Паступова прывыкаюць да самастойнага жыцьця.
«Малыя даволі хутка адаптуюцца, яны ж не ізаляваныя, яны сярод дзяцей, ёсьць і пэдагог — амаль другая маці. У нас сямейная абстаноўка, калі зьбіраемся на лінейцы па панядзелках, дзеці дзеляцца, дзе былі, я расказваю пра посьпехі — гэта так клясна!», — кажа Сьвятлана Лукшэне.
Гурткі, занятасьць пасьля ўрокаў, магчымасьць быць у спартовай залі, у культурным цэнтры — дзеці ў Рымдзюнскай школе атрымліваюць тое, чаго ня могуць атрымаць у сваёй вёсцы.
«Калі кажуць, што дзеці ў вёсцы маюць меншы патэнцыял для разьвіцьця, чым у горадзе, мы з гэтым ня згодныя, — кажа дырэктарка Рымдзюнскай сярэдняй школы зь літоўскай мовай навучаньня Сьвятлана Лукшэне. — У кожнай мясьціне свой патэнцыял. Калі нашы дзеці бачаць бабулек пад 100 гадоў, якія захавалі сваю мову і шануюць традыцыі, першая рэакцыя — зьдзіўленьне. А за 11 гадоў вучобы яны пераконваюцца, што гэта асаблівы этнічны край, а мы — культурны ачаг, пункт сутыкненьня абодвух народаў. І ніякая палітыка ня можа разбурыць гэтыя сувязі».