Другі запар найцяплейшы дзень. 18 лютага пабіты рэкорды на 35 мэтэастанцыях у Беларусі

Як і 17 лютага, 18-га тэмпэратура паветра шмат дзе ў Беларусі была рэкордна цёплай. У Пінску 18-га было ажно +10,5°С.

Максымумы тэмпэратураў за час назіраньняў 18 лютага абнавіліся ў Менску і яшчэ 34 пунктах назіраньняў, адзначае БелаПАН. 17 рэкордаў цеплыні гэтага дня трымаліся з 1995 году, 11 — з 2002-га, 7 — з 2014-га. Днём раней рэкорды фіксавалі на 44 станцыях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі не было кліматычнай зімы — упершыню за гісторыю назіраньняў

Найцяплей у гэты дзень было ў Пінску: +10,5°С. Тут рэкорд не пабіты — паўтарыўся максымум 46-гадовай даўнасьці. У Івацэвічах было на 0,1°С халадней, і там быў пабіты папярэдні рэкорд (+8,4°С у 1995 годзе). Акрамя таго, +10°С фіксавалі ў Баранавічах, Лепелі і Лунінецкім раёне.

У Менску 18 лютага тэмпэратура дасягнула +9,2°С. Папярэдні рэкорд цеплыні ў гэты дзень быў у 2002 годзе (+6,1°С).

Але ў Гомельскай вобласьці ніводзін рэкорд цяпла 18 лютага ня быў пабіты, толькі ў Жлобіне паўтораны (+8,1°С, як 18 гадоў таму).

У наступыя дні зноў могуць быць пабітыя рэкорды. Як 19 лютага, так і да канца тыдня па ўсёй Беларусі прагназуюць плюсавыя тэмпэратуры і ўдзень, і ўночы — гэта цяплей за кліматычную норму.

Так, у Менску днём 19 лютага прагназуюць +3..+5°С і хмары, а ў Берасьці — да +7°С.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кліматычная норма зімы для Беларусі скарацілася на тыдзень
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 месяцы лета, 93 мільёны даляраў стратаў. Як на Беларусь уплывае зьмена клімату
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоў