Мянчук Арамаіс Міракʼян напісаў у сваім фэйсбуку, што гарбату ў кавярні «Камунаркі» замаўляў ня ён, а яго сябра.
Што адбылося?
11 лютага мянчук Арамаіс Міракʼян напісаў у фэйсбуку, што зайшоў у фірмовую краму «Камунаркі» на вуліцы Чырвонай папіць гарбаты. Замовіў яе па-беларуску, на што нечакана атрымаў ад касіркі прапанову размаўляць па-расейску, бо «у нас дзьве дзяржаўныя мовы», а пасьля яна прыгразіла выклікаць ахову. Канфлікт удалося залагодзіць з дапамогай адміністратаркі.
Допіс атрымаў розгалас у інтэрнэце, яго цытавалі ў расейскіх СМІ, Міракʼяну пагражалі і пісалі ганебныя камэнтары нібыта ад расейсцаў. Адрэагаваў на пост Міракʼяна нават чалец Савету Фэдэрацыі РФ, сэнатар Ігар Марозаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ім няма чым заняцца ў Расеі?» Менчука пагражаюць забіць за тое, што папрасіў гарбату па-беларуску
Дык хто замаўляў гарбату?
Міракʼян напісаў, што гарбату замаўляў яго сябра Руслан Юсупаў, Міракʼян у гэты момант быў побач. Пост напісалі са старонкі апошняга, каб быў большы ахоп і таму што Юсупаў не публічная асоба.
Юсупаў пацьвердзіў Свабодзе, што сапраўды замаўляў гарбату ў кавярні «Камунаркі».
«Маіс адразу прапанаваў запосьціць, і мы на гэтым сышліся, бо на яго старонцы болей падпісантаў і пра гэта дазнаецца больш людзей. Але калі мы гэта вырашалі, то ня думалі абсалютна, што гісторыя атрымае такі розгалас. Здарэньне даволі шараговае для беларускай сфэры абслугоўваньня. Адзінае, што ўпершыню з ходу пагражалі аховай за беларускую мову», — сказаў Юсупаў.
«Маіс захацеў напісаць у фэйсбук пра такое здарэньне і папрасіў у Руслана дазвол напісаць ад свайго імя. Руслан дазволіў», — напісала Свабодзе Юлія Алейчанка, якая прыйшла ў кавярню разам з хлапцамі.
Юсупаў сказаў, што не асьцерагаецца, што цяпер камэнтатары пяройдуць на яго старонку, бо ён разумее, што гэта расейскія боты.
Чаму прызналіся толькі цяпер?
Юсупаў лічыць, што Міракʼян згуляў на апераджэньне, бо Naviny.by выявілі, што гарбату замаўляў ня Міракʼян.
У адказе Naviny.by намесьніца гендырэктара «Камунаркі» Сьвятлана Гонтарава напісала, паволе відэа з камэраў назіраньня, гарбату замаўляў іншы чалавек. Таму прэтэнзіі Міракʼяна лічаць неабгрунтаванымі, у дзеяньнях прадаўца парушэньняў не знайшлі.
Што адбывалася ў кавярні?
Паводле «Камунаркі», прадавачка не прасіла, каб Юсупаў пераходзіў на расейскую, а ўдакладніла па-расейску, якую менавіта гарбату меў на ўвазе замоўца.
«Малады чалавек абурыўся, што на яго пытаньне па-беларуску адказалі па-расейску. І стаў сьцьвярджаць, што яго абавязаны абслугоўваць толькі па-беларуску. Пасьля гэтага папрасіў выдаць яму кнігу скаргаў і прапаноў і выклікаць адміністратара», — напісала Гонтарава.
Юсупаў сьцьвярджае, што прадавачка адразу абурылася і папрасіла перайсьці на расейскую мову, як напісаў у сваім першым посьце Міракʼян. Словы Юсупава пацьвердзіла Алейчанка.
Паводле Юсупава, прадавачка сказала яму, што ня выклікала ахову на яго толькі «з-за павагі».
Алейчанка напісала, што Юсупаў прасіў кнігу скаргаў. Яе не далі, а выклікалі адміністратарку, якая намагалася залагодзіць канфлікт.
«Мы з Маісам сядзелі за столікам. Пачуўшы, што нешта не так — ён падышоў да Руслана. Мы ўсе былі абураныя такім абыходжаньнем і моцна зьдзіўленыя, бо ўпершыню чулі пагрозу выклікаць ахову менавіта за ўжываньне беларускай мовы», — напісала Алейчанка.
Паводле «Камунаркі», ахову прапаноўвала выклікаць наведвальніца кавярні бо маладыя людзі паводзілі сябе гучна і мацюкаліся. Юсупаў дапускае, што яны разам зь Міракʼянам і яшчэ адной сяброўкай размаўлялі гучна, але не мацюкаліся.
Паводле Алейчанкі, наведніца сапраўды скардзілася на шум, але ня ведае, ці прасіла тая выклікаць ахову.
«Мы што месца грамадзкае — мы не павінныя шаптацца. Пачытаўшы нам маралі, яна адышла. Ніякай размовы пра ахову ў дадзенай сытуацыі не ішло з намі. Але, калі шчыра, закралася думка: а ці выпадкова яна падыходзіла?», — напісала Алейчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар допісу пра гарбату зноў наведаў кавярню, дзе яму пагражалі ахоўнікамі