Суд у Хабараўску прызнаў Сьведку Яговы Яўгена Аксёнава вінаватым ва ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі. За чытаньне і абмеркаваньне Бібліі яму прысудзілі 2 гады ўмоўна. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце «Сьведкі Яговы ў Расеі».
Паводле сьледзтва, Аксёнаў разам зь сябрамі і знаёмымі зьбіраўся ў адной з канфэрэнц-заляў Хабараўску «для сумеснага чытаньня і абмеркаваньня Бібліі, сьпеваў і малітваў». На сустрэчах асуджаны нібыта «выступаў з прамовамі на тэму ўмацаваньня сям’і».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Задушэньне, электрашокер, пагрозы згвалтаваньня. Сьведка Яговы ў Расеі заявіў пра катаваньні пасьля затрыманьняКрымінальную справу за публічнае чытаньне Бібліі завялі на Аксёнава ў ліпені, на пачатку жніўня ў яго прайшоў ператрус. Пераклад Бібліі, які выкарыстоўваецца Сьведкамі Яговы, назвалі «экстрэмісцкім».
20 красавіка 2017 году Вярхоўны суд Расеі вынес рашэньне аб прызнаньні Кіраўнічага цэнтру Сьведак Яговы экстрэмісцкай арганізацыяй. З таго часу, паводле зьвестак «Мэмарыялу», 39 прыхільнікаў рэлігійнай арганізацыі пацярпелі ад крымінальнага перасьледу. 29 зь іх была абраная мера стрыманьня, зьвязаная з абмежаваньнем свабоды: 23 чалавекі знаходзяцца ў СІЗА, астатнія — пад хатнім арыштам.
У што вераць Сьведкі Яговы
- Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
- Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
- Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
- Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
- Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
- Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
- Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
- Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
- Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
- Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
- Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
- Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
- Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
- Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
- Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.
Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы