Смаргонскі вайсковы камісарыят памылковы прызваў хлопца, а той трапіў у шпіталь. Цяпер вайсковы шпіталь хоча адсудзіць у камісарыята грошы, патрачаныя на яго лячэньне. Падрыхтоўчае паседжаньне ў справе прайшло ў эканамічным судзе Горадзенскай вобласьці 18 лютага.
Як паведаміў судзьдзя Эдуард Кароль, 20-гадовага Мар’яна Санюка прызвалі ў лістападзе 2016 года. Аднак падчас службы малады чалавек стаў скардзіцца на стан здароўя, ня мог выконваць свае абавязкі ў войску. Празь месяц пасьля пачатку службы ён трапіў у шпіталь — 432-гі ордэна Чырвонай Зоркі Галоўны вайсковы клінічны мэдыцынскі цэнтар Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Малады чалавек прабыў на абсьледаваньні і лячэньні 10 дзён.
Як высьветлілася, праблемы са здароўем выклікаў стары пералом адной з касьцей чэрапа. У выніку яго прызналі непрыдатным да службы ў войску ў мірны час і датэрмінова звольнілі ў запас.
Падчас паседжаньня стала вядома, што Смаргонскі раённы шпіталь праводзіў уласнае расьсьледаваньне, каб разабрацца ў прычынах памылковага прызыву. Высьветлілася, што Санюк падчас праходжаньня прызыўной камісіі ня скардзіўся на здароўе, бачных праяў хваробы ў яго не было, а спэцыялісты агледзелі хлопца павярхоўна. У выніку вінаватыя мэдыкі атрымалі дысцыплінарнае спагнаньне.
Вайсковы шпіталь на ўтрыманьне і лячэньне Санюка выдаткаваў 1066 рублёў 43 капейкі:
- 981 рубель за ложка-месца,
- 82 рублі 89 капеек на харчаваньне,
- 2 рублі 54 капейкі на мэдыцынскае абслугоўваньне.
Каб вярнуць выдаткаваныя грошы, ён падаў пазоў у суд на Смаргонскі райвыканкам.
Шпіталь зьвярнуўся ў суд амаль праз тры гады пасьля гэтай сытуацыі, бо меў на гэта права — яшчэ ня скончыўся тэрмін даўнасьці.
Бакі пачалі прымірэнчы працэс
Перад падрыхтоўчым паседжаньнем у судзе стала вядома, што бакі пачалі прымірэнчы працэс і падпісалі прымірэнчае пагадненьне. Смаргонскі райвыканкам пагадзіўся добраахвотна выплаціць патрэбную суму. У выпадку прымірэньня дзяржаўнае мыта на судовыя выдаткі на 50% меншае: не 675 рублёў, а 337 рублёў 50 капеек.
Як паведаміў судзьдзя, калі ня зьявіцца перашкод для прымірэньня, то суд пагодзіцца з рашэньнем бакоў. У гэтым выпадку Смаргонскі райвыканкам павінен будзе выплаціць Галоўнаму вайсковаму клінічнаму мэдыцынскаму цэнтру Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь 1066 рублёў 43 капейкі да 1 чэрвеня 2020 году і дзяржаўнае мыта ў памеры 337 рублёў 50 капеек.
Падрыхтоўчае паседжаньне праходзіла ў выглядзе канфэрэнц-сувязі. Прадстаўнік шпіталя выйшаў на сувязь зь Менску, райвыканкам не прысутнічаў на паседжаньні. Былы прызыўнік ня быў удзельнікам працэсу і таксама не прысутнічаў у судзе.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.