У Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца дэлегацыя кіраўніцтва сакратарыяту міжнароднага камітэту Сэнату Кангрэсу ЗША на чале са старшынём сакратарыяту Крыстафэрам Соча і сябрам сакратарыяту Ганнай Тобэрн.
Мэта візыту, як сказаў Крыстафэр Соча на сёньняшняй сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Беларусі, «знайсьці новыя тэмы для партнэрства». Напярэдадні дэлегацыя сустрэлася зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.
18 лютага ў Доме ўраду адбылася сустрэча з старшынём Пастаяннай камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Андрэем Савіных і сябрамі камісіі.
Савіных пералічыў пытаньні, у якіх, на яго думку, ужо пасьпяхова вядзецца супрацоўніцтва паміж Менскам і Вашынгтонам. Гэта пытаньні бясьпекі, зь якіх найперш можна адзначыць барацьбу са злачыннасьцю, гандлем людзьмі і тэрарызмам; дыялёг у вайсковай сфэры, а таксама супрацоўніцтва на лініі аховы здароўя і сельскай гаспадаркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюць«Думаю, на фоне гэтых зрухаў прыйшоў час для наўпроставых кантактаў паміж парлямэнцкімі структурамі нашых краін», — сказаў Андрэй Савіных і прапанаваў абмеркаваць новыя «пункты для супрацоўніцтва».
Паводле кіраўніка сакратарыята камітэту міжнародных спраў Сэнату ЗША Крыстафэра Соча, за час візыту ў Беларусь амэрыканская дэлегацыя змагла «зарадзіцца пэўным аптымізмам», даведацца пра посьпехі, дасягнутыя, напрыклад, у сфэры інфармацыйных тэхналёгій.
«Вельмі важна знайсьці новыя сфэры для нашага партнэрства. У сыстэме кіраўніцтва ЗША Кангрэс адыгрывае вельмі важную ролю і заўсёды імкнецца мець моцны голас у сфэры міжнародных адносін», — адзначыў Соча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль пра візыт дзяржаўнага сакратара ЗША ў Беларусь: наўрад ці можна казаць пра «звышшчыльнае збліжэньне»Паводле Крыстафэра Соча, у цэнтры ўвагі кангрэсмэнаў ЗША застаецца Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, прыняты ў 2004 годзе.
«Як вы ведаеце, Кангрэс ЗША прыняў шэраг заканадаўчых актаў, датычных адносінаў зь Беларусьсю, і адной з задач нашага візыту ёсьць паназіраць за тым прагрэсам, які зроблены ў Беларусі, ды разабрацца ў тым, ці патрэбны далей гэтыя акты», — сказаў Крыстафэр Соча. Кіраўнік дэлегацыі не выказваўся аб часе адмены Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і запэўніў, што ў ЗША будуць сачыць за тым, «што адбываецца, каб былі выкананыя ўсе тыя ўмовы, дзеля якіх прымаліся гэтыя акты».
Паводле Крыстафера Соча, разьвіцьцё парламенцкіх абменаў паміж ЗША і Беларусьсю будзе вельмі карысным, бо дазволіць Кангрэсу ЗША атрымліваць наўпроставую інфармацыю аб «прагрэсе ў рэформах у Беларусі».
Новыя магчымасьці для парлямэнцкіх кантактаў, як мяркуе Крыстафэр Соча, адкрыюцца пасьля завяршэньня сёлетняй выбарчай кампаніі ў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў: Што такое кокусы, праймэрыз і калегія электараў