Дзясяткі беларускіх журналістаў, мастакоў, фатографаў, культурных работнікаў і блогераў падпісалі адкрыты ліст, у якім выказваецца нязгода зь нядаўнім прысудам, вынесеным Мікіту Емяльянаву і Івану Комару.
Мікіта Емяльянаў увосень 2019 году кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Менгарсуду. А пазьней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзьверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску. Іван Комар нібыта ў гэты момант быў у суседнім сквэры.
Хлопцы кажуць, што зрабілі гэта, пратэстуючы супраць перасьледу палітычных зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархісты атрымалі 14 гадоў на дваіх за шкоду ў 1 рубель 48 капеек. Чаму так шмат?12 лютага Мікіту Емяльянава і Івана Комара прызналі вінаватымі ў пашкоджаньні будынка, вырабе небясьпечнага прыстасаваньня, нанясеньні шкоды будынку і спробе такога ж злачынства. Абодвум прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Шкоду, нанесеную будынку СІЗА, ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. Шкоду ў 143 рублі, нанесеную будынку Менгарсуду, Емяльянаў кампэнсаваў раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі асуджаных анархістаў палітвязьнямі і патрабуюць перагляду прысудуПадпісанты ліста зьвяртаюць увагу на тое, што суд не праверыў заявы Комара пра прымус да дачы паказаньняў, пра жорсткае абыходжаньне і пагрозы катаваньнямі, а таксама на тое, што было парушанае права Емяльянава ня сьведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката
«Мы лічым, што Мікіта Емяльянаў і Іван Комар прыгавораны да празьмерна жорсткага пакараньня, якое зьяўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму», — гаворыцца ў лісьце. Падпісанты патрабуюць неадкладнага перагляду прысуду пры захаваньні права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.
Адна з ініцыятараў ліста, журналістка Яўгенія Доўгая, патлумачыла Радыё Свабода, што бачыла ў сацыяльных сетках шмат абурэньня прысудам з боку калег-журналістаў, а таксама мастакоў і пісьменьнікаў. «Мне здаецца, што гэта вельмі важна — калі нарэшце мэдыйная супольнасьць салідарызуецца і паказвае, што яна нязгодная зь несправядлівым прысудам».
Яўгенія Доўгая адзначыла, што адвакаты змогуць далучыць гэты ліст пры апэляцыі: «І мне прыемна, што беларусы падпісваюць яго».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці анархіста Емяльянава пра прысуд: «Адказваю гэтак, як Нарбут генэралу Мураўёву — гадую патрыётамі яшчэ трох сыноў»