Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў надзею «на працяг расейска-эўрапейскага супрацоўніцтва на раўнапраўнай, узаемавыгаднай аснове». Пра гэта ён заявіў у інтэрвію італьянскай газэце Stampa, перадрукаваным на сайце МЗС Расеі.
«Апошнія некалькі гадоў сталі пэрыядам страчаных магчымасьцяў для нашых адносін… Эўразьвяз захоўвае абсурдную увязку пэрспэктываў узаемадзеяньня з унутрыўкраінскім ўрэгуляваньнем. Па ініцыятыве Брусэлю „замарожаная“ сумесная работа па цэлым шэрагу кірункаў. Падаўжаюцца аднабаковыя абмежавальныя меры, якія наносяць шматмільярдныя страты эканоміцы саміх эўрапейскіх краінаў», — сказаў Лаўроў.
У гэтым кантэксьце Лаўроў дадаў, што Масква разьлічвае на тое, што новае кіраўніцтва Эўрапейскай Рады і Эўракамісіі «ўсьведамляе несумяшчальнасьць захаваньня заганнага „статус-кво“ з пастаўленымі ім амбіцыйнымі задачамі ператварэньня ЕС у „геастратэгічнага гульца вышэйшага рангу“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз аб’явіў аб працягу санкцый адносна РасеіПасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе і пачатку ваенных дзеяньняў на Данбасе Эўразьвяз увёў у дачыненьні да Расеі санкцыі, зьвязаныя з парушэньнем тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны. У санкцыйным сьпісе Эўразьвязу знаходзяцца 177 фізычных і 44 юрыдычныя асобы Расеі.
Гаспадарчыя санкцыі абмяжоўваюць доступ некаторых расейскіх банкаў і кампаній на першасны і другасны рынкі капіталу ў ЕС, уводзяць забарону на экспарт і імпарт зброі, уводзяць забарону на экспарт тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня альбо для вайсковых канчатковых спажыўцоў у Расею і абмяжоўваюць доступ Расеі да некаторых тэхналёгій і паслуг, якія можна выкарыстоўваць у здабычы і выведцы нафты.