Лукашэнка разьлічвае на падтрымку Эўразьвязу ва ўмацаваньні беларускай мяжы 

Беларускі памежнік

Выклікаў і пагрозаў памежнай бясьпецы з году ў год не становіцца меней, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас зацьвярджэньня рашэньня аб ахове дзяржаўнай мяжы.

Растуць патокі незаконнай міграцыі, аб’ёмы кантрабанды наркотыкаў і іншых сродкаў злачыннай дзейнасьці, павялічваецца «ваенная актыўнасьць» па той бок мяжы, цытуе Лукашэнку БелТА. Нагадаў ён і пра эканамічныя выклікі.

«Гаворачы пра эканоміку, я маю на ўвазе апошнія заявы і шквал крытыкі ў наш адрас з боку Расеі, што мы нібыта пагражаем або спыніць пастаўкі нафты на Захад, або будзем браць нафту з транзытнага нафтаправоду для забесьпячэньня нашых НПЗ. Паміж Беларусьсю і Расеяй афіцыйна замацавана дамоўленасьць на пастаўку 24 млн тон нафты. Вось і ўсё», — канстатаваў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў забіраць расейскую транзытную нафту

Летась Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне павялічыць штат памежнага ведамства, каб аднавіць і ўмацаваць заставы, ліквідаваныя пасьля распаду СССР.

Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь разьлічвае на больш шырокую падтрымку Эўразьвязу ва ўмацаваньні бясьпекі на агульнай мяжы.

«Неабходна прадметна выкарыстоўваць зацікаўленасць Эўрапейскага зьвязу ва ўмацаванні супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў супрацьдзеяньні агульным пагрозам. А іх дзясяткі — нашых, сумесных з Эўразьвязам. Удасканаленьне памежнай інфраструктуры абыходзіцца нятанна. Мы разьлічваем на больш шырокую падтрымку і судзеяньне. Дарэчы, ня толькі з боку Эўразьвязу — гэта і наша агульная мяжа з Расейскай Фэдэрацыяй», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Новая застава — пад Чарнігавам

Старшыня памежнага камітэту Беларусі Анатолій Лапо тым часам расказаў, што ў Беларусі сёлета маюць сфармаваць яшчэ дзьве манэўраныя групы (летась стварылі шэсьць мабільных групаў) і новую памежную заставу.

Застава зьявіцца ў вёсцы Дзяражычы, што на Дняпры, недалёка ад Брагіна і Лоева, у Лоеўскім раёне Гомельскай вобласьці. Па ўкраінскі бок мяжы недалёка ад гэтай вёскі мястэчка Славутыч і горад Чарнігаў.